«Дэпатрыяцыя» — выстава пра выратаванне і захаванне артэфактаў беларускай найноўшай гісторыі, якія ва ўмовах рэпрэсій апынуліся пад пагрозай знішчэння або канфіскацыі.
У Беларусі можна трапіць пад пераслед за рэчы, якія захоўваюць памяць пра грамадзянскую актыўнасць, пратэсты і дэмакратычны рух. На фоне рэпрэсій нацыянальныя сімвалы, дакументы, друкаваныя матэрыялы, асабістыя архівы і іншыя сведчанні гісторыі вымушаныя пакідаць краіну, каб быць захаванымі.
Тэрмін «дэпатрыяцыя» сустракаецца рэдка, але дакладна апісвае гэтую рэальнасць: рэчы, якія ў звычайных абставінах павінны былі б заставацца ў Беларусі, сёння часам могуць быць у бяспецы толькі за яе межамі.
Выстава стала вынікам праекта «Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі». Цягам некалькіх месяцаў каманда Музея Вольнай Беларусі разам з людзьмі ў Беларусі працавала над тым, каб бяспечна вывезці, задакументаваць і захаваць прадметы, звязаныя з дэмакратычным рухам і найноўшай гісторыяй краіны.
За час рэалізацыі праекта музей атрымаў каля 170 артэфактаў і некалькі тысяч фотаздымкаў і відэазапісаў. На выставе былі прадстаўлены прадметы, якія захоўваліся ў прыватных калекцыях і архівах, былі побач з людзьмі падчас пратэстаў і грамадскіх акцый, хаваліся ад ператрусаў або на працягу дзесяцігоддзяў захоўвалі памяць пра важныя падзеі беларускай гісторыі.
Экспазіцыя ахоплівала розныя перыяды дэмакратычнага руху ў Беларусі — ад 1990-х гадоў да падзей 2020 года.
Сярод экспанатаў былі запрашэнне на акцыю «Чарнобыльскі шлях — 96», брашура «Шлях у нікуды, альбо Два гады прэзідэнцтва А. Лукашэнкі», выдадзеная ў 1996 годзе, і перадвыбарчая ўлётка Станіслава Шушкевіча з прэзідэнцкай кампаніі 1994 года.
Асобнае месца займалі дакументы, звязаныя з выбарчымі кампаніямі 2020 года. У экспазіцыі можна было пабачыць пасведчанні, выдадзеныя Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў каардынатарам ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Валерыя Цапкалы, а таксама каардынатару ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай у Баранавічах, Пінску і Лунінецкім раёне. Абодва дакументы датаваныя 20 мая 2020 года.
Сярод асабістых сведчанняў былі бюлетэні з выбараў 2020 года, якія Паліна Шарэнда-Панасюк здолела перадаць музею. На выставе таксама экспанавалася журналісцкае пасведчанне Кацярыны Карпіцкай са слядамі спробы аднаго з сілавікоў разарваць дакумент.
Яшчэ адзін важны блок выставы складаў прыватны архіў Уладзіміра Лапцэвіча, беларускага журналіста і грамадскага дзеяча з Магілёва. У ім — дакументы і выданні 1990-х і пачатку 2000-х гадоў, матэрыялы пра парушэнні грамадзянскіх правоў у Магілёве, дакументы грамадскіх і палітычных арганізацый, рэгіянальная незалежная прэса, а таксама сведчанні першых выбарчых кампаній незалежнай Беларусі.
Такім чынам, «Дэпатрыяцыя» паказвала не толькі самі прадметы, але і людзей, чые гісторыі за імі стаяць. Кожны артэфакт становіцца матэрыяльным сведчаннем пэўнага часу, падзеі або асабістага досведу.
З меркаванняў бяспекі частка ўдзельнікаў праекта і перададзеных імі гісторый засталася ананімнай. Аднак самі рэчы дазваляюць зафіксаваць тое, што адбывалася, і захаваць гэтыя сведчанні для будучыні.
Паралельна з падрыхтоўкай выставы музей працаваў над каталогам «Дэпатрыяцыя» і адукацыйнымі матэрыяламі пра тое, як захоўваць гістарычныя артэфакты ў хатніх умовах.
Выстава «Дэпатрыяцыя» праходзіла ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве з 9 па 26 чэрвеня. За гэты час яе наведалі больш за 300 чалавек. У межах выставы адбыліся сустрэчы і размовы пра памяць, свабоду і адказнасць.
«Дэпатрыяцыя» стала часткай працяглай працы Музея Вольнай Беларусі па зборы і захаванні матэрыяльных сведчанняў гісторыі дэмакратычнага руху Беларусі. Гэтая праца працягваецца і пасля завяршэння выставы.
Музей працягвае прымаць артэфакты, звязаныя з дэмакратычным рухам, і дапамагаць з іх захаваннем, калі ў Беларусі ім пагражае знішчэнне або канфіскацыя.
Выстава арганізавана пры падтрымцы Belarus Beehive і Еўрапейскага Саюза.
Прапанаваць
Тэму або працу для будучых выстаў
Маеце ідэю або працу, якую хочаце паказаць? Далучайцеся да стварэння будучых выставачных праектаў.