Выстава Ганны Мусалёвай «Жыццё на каробках» у Музеі Вольнай Беларусі
August 25, 2026
Тонкая, канцэптуальная і вельмі цэласная — кожная праца ў гэтай выставе дапоўненая тэкстам-эсэ, які раскрывае асабісты досвед Ганны Мусалёвай і важныя для яе тэмы: мову, сорам, дом, памяць і пошук сваёй апоры.
25 жніўня адбылося адкрыццё першай персанальнай выставы маладой мастачкі, якая спецыяльна прыехала да нас з Вільні. На адкрыцці Ганна падзялілася з гасцямі выставы, адкуль нараджаюцца вобразы для карцін, што ёй сніцца, калі яна думае пра ўласнае месца, і чаму часам шкада, што дом нельга проста замовіць у IKEA.
«Аднойчы, разважаючы, ці варта купляць стэлаж у здымную кватэру, бо я ж тут ненадоўга, я злавіла сябе на думцы, што жыву “на каробках” ужо амаль 6 гадоў. І калі каробкі сталі часткай майго дому, пара пачаць хаця б маляваць на іх». Так пачалася серыя «Жыццё на каробках» — асабістая гісторыя беларускай эміграцыі, расказаная праз жывапіс і тэкст.
Ганна Мусалёва малюе тэмперай не на звычайным кардоне, а непасрэдна на кардонных каробках — захоўваючы іх форму, згібы і сляды выкарыстання. Часовы прадмет пераезду становіцца матэрыялам для размовы пра дом, памяць, адзіноту і пошук апоры.
Дзякуй кожнаму, хто прыйшоў на адкрыццё і падтрымаў маладую мастачку. А калі вы яшчэ не паспелі пазнаёміцца з «Жыццём на каробках» — запрашаем у Музей Вольнай Беларусі. Выставу можна пабачыць да 11 верасня.
📍 Музей Вольнай Беларусі, вул. Фоксаль 11, Варшава
*Выстава праводзіцца ў межах праекта «Музей Вольнай Беларусі: узмацненне патэнцыялу дзеля беларускай культуры». Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
*Падтрымаць дзейнасць Музея Вольнай Беларусі вельмі проста: раскажыце пра нас сябрам і калегам, дзяліцеся нашымі матэрыяламі і прыходзьце на мерапрыемствы. А таксама можна падтрымаць музей ахвяраваннем — спасылка на данат знаходзіцца ў шапцы профілю.
Прапанаваць
Тэму або працу для будучых выстаў
Маеце ідэю або працу, якую хочаце паказаць? Далучайцеся да стварэння будучых выставачных праектаў.