«Беларусы з Украінай у сэрцы»: як прайшло адкрыццё выставы
November 6, 2026
31 кастрычніка ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася выстава «Беларусы з Украінай у сэрцы». Мастацкія працы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, былі створаныя падчас пленэру памяці абаронцаў Украіны ў лістападзе 2015 года. Тады беларускія мастакі працавалі ў вёсцы Пяскі, Валнавасе і ваколіцах Данецкага аэрапорта — побач з лініяй фронту.
Адкрыццё пачалося з ушанавання памяці беларускага добраахвотніка Віталя (Вітушкі) Трыгубава, які загінуў ва Украіне 19 кастрычніка.
Падчас сустрэчы мы паразмаўлялі з мастаком Андрусём Такіндангам, які ўзгадаў, у якіх умовах ствараліся працы і што яму з іншымі ўдзельнікамі давялося перажыць побач з лініяй фронту. Асобна гаварылі пра Алеся Пушкіна — аднаго з ініцыятараў пленэру, які загінуў у беларускай турме ў 2023 годзе. У экспазіцыі прадстаўлены дзве ягоныя працы.
Падчас адкрыцця таксама паказалі кранальны рэпартаж Белсата «Пэндзлі замест аўтаматаў». Яго аўтар, рэжысёр і добраахвотнік Антось Цялежнікаў падзяліўся гісторыяй стварэння пленэру і ўспамінамі пра Алеся Пушкіна.
Асабліва ганарова было вітаць на адкрыцці Пятра Лаўрэнку, першага сакратара Амбасады Украіны ў Польшчы. Сярод гасцей таксама былі прадстаўнік грамадскай ініцыятывы «Еўрамайдан — Варшава» Мікола Варонін, польскі вайсковец Гжэгаж Анташэўскі і беларускі актывіст Алег Аксёнаў.
У межах адкрыцця мы таксама прадставілі абноўленую экспазіцыю «Кропка ўваходу» — «Час герояў», прысвечаную беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны.
Сардэчна дзякуем міжнароднаму дабрачыннаму фонду «Валошка» і яго кіраўніцы Анжэле Душаевай за захаванне гэтай важнай часткі беларуска-ўкраінскай гісторыі і магчымасць прадставіць яе нашым наведвальнікам.
Выставу «Беларусы з Украінай у сэрцы» можна наведаць да 12 лістапада 2026 года.
📍 Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11/1, Варшава
Уваход вольны.
Прапанаваць
Тэму або працу для будучых выстаў
Маеце ідэю або працу, якую хочаце паказаць? Далучайцеся да стварэння будучых выставачных праектаў.