Выстава «Нічога асабліва новага»: сведчанні жыцця беларускіх палітвязняў

Icon
July 1, 2025
Выстава «Нічога асабліва новага»

21 траўня, у Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, Музей Вольнай Беларусі адкрыў выставу «Нічога асабліва новага».

Назва выставы паходзіць з часта сустракаемых у лістах палітвязняў слоў – спроба схаваць боль і будзённасць зняволення.

Экспазіцыя прадставіла асабістыя рэчы палітвязняў, перададзеныя ў калекцыю музея: штодзённыя прадметы, вершы, радкі з лістоў і гукавыя запісы. Кожны экспанат стаў сведчаннем жыцця людзей, кінутых у турмы за свае перакананні, годнасць і імкненне да свабоды.

Выстава не толькі дакументуе, але і распавядае: пра тых, хто пісаў «нічога асабліва новага», імкнучыся паказаць, што ўсё ў парадку, хоць на самай справе змагаецца за сваю волю. Яна была створана дзеля палітвязняў і ўсіх, хто хоча ведаць, памятаць і падтрымліваць.

Куратар выставы – Вольга Кліп, дызайнер – Аляксандр Адамаў, кампазітар і саунд-дызайнер – Ілля Семашкевіч, мастак па святлу – Даніла Ганчароў, графічны дызайнер – Дар’я Абiбок, мастак – Арцём Задруцкі. Лісты палітвязняў гучалі ў выкананні Вольгі Каралёнак і Андрэя Саўчанкі.

Супрацоўнікамі і партнёрамі праекта выступілі: праваабарончы цэнтр “Вясна”, беларуская асацыяцыя палітвязняў “Да Волі” і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Фінансавую падтрымку прадаставілі Амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве, мэрыя Варшавы і фундацыя “Trzy Trąby”.

На адкрыцці прысутнічалі лідэры беларускіх дэмсілаў, прадстаўнікі Сейму, Сенату і Міністэрства замежных спраў Польшчы, а таксама дыпламаты краін Еўразвязу.

Выстава «Нічога асабліва новага» захоўвае словы і рэчы палітвязняў як дакументы эпохі і эмацыйнае сведчанне супраціву, а таксама стала платформай для салідарнасці і падтрымкі ўсіх, хто верыць у свабоду Беларусі.

Асабістыя рэчы палітвязьняў
Лісты і даведкі
Асабістыя рэчы палітвязьняў
Шахматная фігурка каня, з'лепленая з хлеба за кратамі
Турэмнае адзеньне беларускіх палітвязьняў
Турэмны малюнак
Турэмны малюнак
Фрагменты экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

Асаблівую ўвагу да падзеі выказала Святлана Ціханоўская, якая наведала выставу і падкрэсліла важнасць памяці і салідарнасці з палітвязнямі.

Святлана Цiханоўская, наведвае выставу. Фота: Музей Вольнай Беларусi