
Назва выставы паходзіць з часта сустракаемых у лістах палітвязняў слоў – спроба схаваць боль і будзённасць зняволення.
Экспазіцыя прадставіла асабістыя рэчы палітвязняў, перададзеныя ў калекцыю музея: штодзённыя прадметы, вершы, радкі з лістоў і гукавыя запісы. Кожны экспанат стаў сведчаннем жыцця людзей, кінутых у турмы за свае перакананні, годнасць і імкненне да свабоды.
Выстава не толькі дакументуе, але і распавядае: пра тых, хто пісаў «нічога асабліва новага», імкнучыся паказаць, што ўсё ў парадку, хоць на самай справе змагаецца за сваю волю. Яна была створана дзеля палітвязняў і ўсіх, хто хоча ведаць, памятаць і падтрымліваць.
Куратар выставы – Вольга Кліп, дызайнер – Аляксандр Адамаў, кампазітар і саунд-дызайнер – Ілля Семашкевіч, мастак па святлу – Даніла Ганчароў, графічны дызайнер – Дар’я Абiбок, мастак – Арцём Задруцкі. Лісты палітвязняў гучалі ў выкананні Вольгі Каралёнак і Андрэя Саўчанкі.
Супрацоўнікамі і партнёрамі праекта выступілі: праваабарончы цэнтр “Вясна”, беларуская асацыяцыя палітвязняў “Да Волі” і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Фінансавую падтрымку прадаставілі Амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве, мэрыя Варшавы і фундацыя “Trzy Trąby”.
На адкрыцці прысутнічалі лідэры беларускіх дэмсілаў, прадстаўнікі Сейму, Сенату і Міністэрства замежных спраў Польшчы, а таксама дыпламаты краін Еўразвязу.










Асаблівую ўвагу да падзеі выказала Святлана Ціханоўская, якая наведала выставу і падкрэсліла важнасць памяці і салідарнасці з палітвязнямі.

