Фондавая выстава Музея Вольнай Беларусі «Кропка ўваходу — 123»

Icon
January 20, 2026

13 снежня 2025 года з калоній і турмаў Беларусі пачалі вывозіць частку палітзняволеных у межах дамоўленасцяў з дзяржаўнай адміністрацыяй ЗША. 123 чалавекі з больш як тысячы асуджаных паводле палітычных артыкулаў былі дэпартаваныя беларускім КДБ і перададзеныя прадстаўнікам Украіны. Вываз адбываўся таемна: зняволеным надзявалі балаклавы і мяшкі на галовы, рукі перавязвалі скотчам. Ніхто з вязняў не быў папярэджаны пра дэпартацыю, многім не вярнулі пашпарты і не аддалі асабістыя рэчы.

Усё, што людзі змаглі ўзяць з сабой, — гэта валізкі з адзеннем і ўбогі турэмны скарб. Заначка з чайнымі пакецікамі, алюмініевая лыжка, мыла, ануча, цёплая бялізна. Тыя нешматлікія рэчы, да якіх сціскаецца асабісты матэрыяльны сусвет вязня, увесь яго дазволены гарызонт камфорту і адзіная кропка апоры.

Сёння гэтыя прадметы апынуліся ў музейнай вітрыне. Іх функцыя змянілася: яны спыніліся ў сваім коле штодзённага выкарыстання і сталі сведкамі досведу зняволення, гвалту і выжывання. Праз гэтыя артэфакты выстава прапануе паглядзець на сучасную беларускую рэальнасць — праз рэчы, якія захоўваюць памяць пра траўматычны досвед і чалавечую ўстойлівасць.

Фондавая выстава «Кропка ўваходу — 123» — гэта спроба асэнсаваць гістарычны момант праз канкрэтныя, маўклівыя, але надзвычай красамоўныя прадметы, што сталі носьбітамі памяці.

📅 Выстава будзе адкрыта для наведвання з 20 студзеня па 1 сакавіка 2026 года.

Экспазицыя з’яўляецца часткай серыі фондавай выставачнай праграмы Музея Вольнай Беларусі «Кропка ўваходу», якая прапануе ўвайсці ў сучасны беларускі кантэкст праз арыгінальныя артэфакты, што ўзнікаюць у краіне тут і цяпер. Кожная выстава серыі — гэта новая кропка ўваходу ў досвед, які фармуе сучасную гісторыю Беларусі.