У Музеі Вольнай Беларусі адкрылася выстава Кацярыны Еўдакімавай «Галасы»

Icon
April 28, 2026

«Галасы» - гэта чатыры гісторыі, чатыры лёсы, увасобленыя ў візуальных і гукавых інсталяцыях. Праз сімвалы і метафары выстава гаворыць пра няволю, страту, надзею і ўнутраную свабоду. Асобнае месца ў праекце займаюць тэксты, напісаныя пісьменнікам і журналістам Сяргеем Антонавым. Чатыры навелы, створаныя адмыслова для выставы, дапамагаюць яшчэ глыбей пранікнуць у гісторыі яе герояў. Іх таксама можна паслухаць, адсканаваўшы QR-коды ў экспазіцыі.

Куратаркай выставы выступіла Вольга Кліп. Падчас адкрыцця яна разам з арт-менеджаркай Музея Вольнай Беларусі Вольгай Каралёнак і мастачкай Кацярынай Еўдакімавай прадставіла канцэпцыю праекта, распавёўшы пра яго ідэю, сімволіку і стварэнне.

Спецыяльна для вернісажу Кацярына Еўдакімава падрыхтавала перформанс, які стаў эмацыйным працягам экспазіцыі. Жэстяныя кружкі, сухары і згушчонка - простыя, але надзвычай красамоўныя прадметы - ператварыліся ў мастацкае выказванне пра турэмны досвед, пазбаўленне і чалавечую годнасць.

Пасля прэзентацыі Аляксандр Енджэеўскі, кірпўнік тэатру “Прыехалі” правёў чытанне адной з навел, дазволіўшы гасцям пачуць адзін з тых самых «галасоў», што гучаць у прасторы выставы.

«Галасы» - гэта выстава не толькі пра тых, хто знаходзіцца за кратамі, але і пра тых, хто застаецца па гэты бок. Пакуль адны чакаюць свабоды, іншыя павінны гаварыць - праз мастацтва, слова і памяць.

Запрашаем наведаць выставу ў Музеі Вольнай Беларусі.

Іншыя выставы