
Ад 9 ліпеня пачынае працу адноўленая фондавая выстава Музея Вольнай Беларусі «Кропка ўваходу».
17 ліпеня 2022 года ў Варшаве ўпершыню адчыніліся дзверы музея. За гэты час Музей Вольнай Беларусі сабраў больш за 680 экспанатаў. Праз калекцыянаванне артэфактаў сучаснай Беларусі мы імкнемся асэнсаваць стан нашага грамадства — у яго гераічных памкненнях і трагічных выкліках, у яго салідарнасці і надзеі.
«Кропка ўваходу» — гэта ўваход у сучасны беларускі кантэкст праз артэфакты, якія захоўваюць памяць пра барацьбу за свабоду, годнасць і дэмакратыю.
На выставе дэманструюцца найноўшыя паступленні ў фонды музея, прынятыя цягам апошняга месяца, і экспанаты, якія найлепш раскрываюць спецыфіку музейнай калекцыі. Асобнае месца займае калекцыя рэчаў беларускіх палітвязняў — адзін з найважнейшых збораў Музея Вольнай Беларусі.
Упершыню на выставе будуць прадстаўлены:
- асабістыя рэчы Віктара Бабарыкі, Максіма Знака, ксяндза Генрыха Акалатовіча;
- партрэт, які напісаў у зняволенні Алесь Пушкін;
- артэфакт з Курапатаў і інш.
Таксама вы пабачыце сімвалы беларускіх пратэстаў 2020 года, рэчы беларускіх ваяроў з Украіны і іншыя прадметы, што перадаюць дух барацьбы беларускага народа за свабоду і дэмакратыю.
Мы працягваем захоўваць для беларускай культуры тое, што не павінна знікнуць.
Запрашаем наведаць выставу «Кропка ўваходу», каб разам паразважаць над гісторыяй сучаснай Беларусі праз рэчы, якія сталі яе жывымі сведкамі.
*Пра падтрымцы Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.