
Арыгінальныя бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года папоўнілі фонды Музея Вольнай Беларусі і сталі важнай часткай калекцыі, прысвечанай найноўшай беларускай гісторыі. Гэтыя дакументы не толькі адлюстроўваюць адзін з ключавых момантаў грамадска-палітычнага жыцця краіны, але і з’яўляюцца матэрыяльнымі сведчаннямі падзей, што істотна паўплывалі на лёс беларускага грамадства.
Бюлетэні былі перададзены ў музей былой палітзняволенай і актывісткай Палінай Шарэндай-Панасюк. У жніўні 2020 года, адразу пасля выбараў, іх спрабавалі знішчыць — бюлетэні былі вывезены ў адну з берасцейскіх качагарак і кінутыя ў агонь, што супярэчыла базавым прававым нормам і працэдурам захавання выбарчай дакументацыі. Аднак берасцейскім актывістам удалося выратаваць частку дакументаў і перадаць іх Паліне Шарэндзе-Панасюк.
Падчас яе турэмнага зняволення за праваабарончую і грамадзянскую дзейнасць бюлетэні заставаліся схаванымі на тэрыторыі Беларусі. Толькі пасля выезду за мяжу стала магчымым арганізаваць іх бяспечны вываз у Варшаву і перадачу ў музей.
Сёння 20 бюлетэняў уключаны ў фонды Музея Вольнай Беларусі як аўтэнтычныя артэфакты эпохі. Яны маюць высокую гістарычную і дакументальную каштоўнасць, паколькі дазваляюць даследчыкам і наведвальнікам непасрэдна сутыкнуцца з матэрыяльнымі сведчаннямі выбарчага працэсу 2020 года.
Захаванне такіх прадметаў з’яўляецца адной з ключавых місій музея — збіраць, абараняць і прадстаўляць сведчанні, якія дапамагаюць асэнсоўваць сучасную гісторыю Беларусі і фарміраваць культуру памяці для будучых пакаленняў.