
08.03–12.04
У Музеі Вольнай Беларусі пачынае працу новая выстава «Кропка ўваходу: справа жанчын» — пра жаночы досвед супраціву, пра свабоду і пра цану, якую жанчыны плацяць за права быць суб’ектнымі ў аўтарытарнай сістэме. Праект падрыхтаваны Музеем Вольнай Беларусі ў супрацоўніцтве з аб’яднаннем жанчын-палітзняволеных «Побач».
Праз адзенне і асабістыя рэчы беларусак экспазіцыя адкрывае гісторыі супраціву, страты, уразлівасці і сілы. Гэтыя ўбранні — не проста тканіна, рэч. Яны сталі сведкамі. Яны захавалі дотык страху і рашучасці, холад камеры і цяпло салідарнасці. Яны распавядаюць пра жанчын, якія адстойвалі і адстойваюць годнасць — на вуліцы, у судзе, за кратамі і на волі.
Выстава пабудавана як прастора асабістых гісторый, дзе адзенне і рэчы становяцца мовай — мовай сведчання, болю, годнасці і сілы. Кожны экспанат — матэрыяльны доказ дзяржаўнага гвалту і адначасова доказ стойкасці.
Упершыню публіцы прадстаўлены новыя артэфакты:
— камплект турэмнай вопраткі Паліны Шарэнды-Панасюк;
— асабістыя рэчы ваяркі Машы Зайцавай, якая загінула ва Украіне;
— артэфакт Марыны Ментусавай;
— рэчы Марыі Калеснікавай;
а таксама іншыя жаночыя прадметы, якія адлюстроўваюць маштаб супраціву.
Асобны раздзел прысвечаны турэмнаму досведу палітычных зняволеных жанчын. Тут — сцёртыя цяжкія турэмныя боты, у якіх ходзяць і ў мароз, і ў спёку; курткі і форма з плямамі хлору і жоўтымі «палітычнымі» біркамі. Гэтыя прадметы захоўваюць сляды сістэмнага прыніжэння, але разам з тым — сляды чалавечай трываласці.
Галоўны акцэнт выставы — паказаць, як асабістае становіцца публічным, як крохкасць суіснуе з мужнасцю і як памяць прарастае праз матэрыю. Як звычайныя рэчы — кашуля, куртка, абутак — набываюць значэнне дакумента, архіва і сімвала супраціву.
Праект набывае асаблівую вагу на фоне маштабу пераследу жанчын у Беларусі. Паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, на момант сярэдзіны 2025 года каля 1996 жанчын былі асуджаныя па крымінальных справах з палітычных матываў. Рэальная колькасць можа быць значна вышэйшая, бо многія справы не асвятляюцца публічна. Сярод асуджаных — адзінокія і шматдзетныя маці, пенсіянеркі, жанчыны з сур’ёзнымі праблемамі здароўя, а таксама тыя, хто быў затрыманы непаўналетнімі.
Па адміністрацыйных артыкулах з 2007 года да лета 2025 года жанчыны былі асуджаныя 10 996 разоў. Рэальная колькасць, верагодна, значна перавышае афіцыйную статыстыку.
Наша мэта — не толькі стварыць глыбокую і шматпластовую выставу, якая раскажа пра сітуацыю з правамі чалавека і правамі жанчын у Беларусі беларусам і міжнароднай аўдыторыі, але і зрабіць праект карысным для саміх рэпрэсаваных жанчын — праз бачнасць, салідарнасць і падтрымку.
Гэта справа жанчын.
І гэта нашая справа.