Праект Музея Вольнай Беларусі "Дуды: музыка мінулага і сучаснасці"

Icon
Projects
Icon
May 18, 2026
News Main Image
«Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал» — выставачны і адукацыйна-музычны праект Музея Вольнай Беларусі, прысвечаны беларускай дударскай традыцыі — яе гісторыі, трансфармацыям і сучаснаму адраджэнню.
Дуда — адзін з найбольш выразных музычных сімвалаў беларускай культуры. Некалі яна была часткай вясковага побыту і традыцыйнай музычнай культуры, але ў сярэдзіне XX стагоддзя амаль знікла з жывой практыкі. У канцы XX — пачатку XXI стагоддзя дударская традыцыя пачала адраджацца і паступова выйшла далёка за межы этнаграфічнай рэканструкцыі, стаўшы часткай сучаснай беларускай культурнай ідэнтычнасці.
Праект «Дуды: музыка мінулага і сучаснасці» даследаваў гэты шлях — ад традыцыйнага музычнага інструмента да культурнага сімвала і сучаснай жывой практыкі.
Выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал»
Цэнтральнай часткай праекта стала выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал», адкрытая ў Музеі Вольнай Беларусі 16 мая 2026 года ў межах варшаўскай Ночы музеяў.
Экспазіцыя паказвала дуду не толькі як музычны інструмент, але і як культурны феномен. Наведвальнікі маглі пазнаёміцца з самімі інструментамі, гістарычнымі матэрыяламі, мапамі і архіўнымі запісамі, а таксама пачуць гукі дударскай традыцыі мінулага і сучаснасці.
Асобная частка выставы была прысвечана дударскай майстэрні, якая дазваляла зірнуць на працэс стварэння інструмента і лепш зразумець яго канструкцыю, гук і месца ў традыцыйнай культуры.
Выстава была падрыхтаваная на беларускай, польскай і англійскай мовах.
Куратарам і аўтарам выставы выступіў Яўген Барышнікаў — музыка, даследчык і выкладчык дударскай традыцыі. Падчас куратарскіх экскурсій ён распавядаў пра тое, як музычны інструмент сялянскай культуры становіцца нацыянальным сімвалам, як дуда прысутнічае ў беларускіх культурных міфах і літаратуры і што азначае адраджэнне традыцыі сёння.
Ноч музеяў: Беларусь, якую можна пачуць
Адкрыццё выставы адбылося ў межах Ночы музеяў у Варшаве — 2026. Упершыню Музей Вольнай Беларусі стаў часткай афіцыйнай праграмы гэтай маштабнай гарадской падзеі.
Праграма пачалася з адкрыцця выставы і куратарскіх экскурсій, а ўвечары музей ператварыўся ў прастору практычнага знаёмства з дударскай традыцыяй. У «Дударскай майстэрні» наведвальнікі маглі даведацца больш пра стварэнне інструмента і паспрабаваць сябе ў ролі дудара.
Ноч завяршылася дударскім open air у дворыку музея. У канцэрце і танцавальнай праграме ўдзельнічалі беларускія, польскія і ўкраінскія музыкі: прадстаўнікі гурта Lity Taler, Яўген Барышнікаў і Warszawskie Burdony, польскія музыкі Karol Majerowski і Rafał Miśta, а таксама дудар Аляксей Шкурапацкі, які пазнаёміў слухачоў з украінскай дударскай традыцыяй.
Музычная частка была натхнёная традыцыяй Дударскага клуба — свабодных танцавальных вечарын, якія рэгулярна праходзілі ў Мінску з 2007 года. Падчас канцэрта працавала танцавальная зона, дзе можна было не толькі слухаць музыку, але і далучыцца да танцаў.
Такім чынам, музейная выстава выйшла за межы экспазіцыйнай прасторы: гістарычная традыцыя была прадстаўленая праз жывы гук, рух, танец і непасрэдны ўдзел наведвальнікаў.
Праект як пляцоўка для дыялогу
Адной з задач праекта было паказаць, што дударская традыцыя — не толькі частка мінулага, але і актуальная культурная практыка, вакол якой сёння адбываецца дыялог, адукацыя і пошук новых формаў развіцця.
У межах праекта Музей Вольнай Беларусі таксама прыняў міжнародную групу стыпендыятаў і стыпендыятак праграмы Richard von Weizsäcker Fellowship ад Robert Bosch Academy — даследчыкаў, палітыкаў, куратараў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў і экспертаў з розных краін свету.
Для іх была арганізаваная экскурсія па музеі і выставе «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Размова пра дударскую традыцыю стала нагодай для больш шырокага знаёмства з беларускай гісторыяй і сучаснасцю, у тым ліку з падзеямі 2020 года, рэпрэсіямі, супрацівам і грамадзянскай устойлівасцю беларускага грамадства.
Размова пра будучыню дударства
Завяршальнай часткай праекта стала экспертная дыскусія пра актуальныя выклікі і перспектывы беларускага дударства ў Беларусі і за мяжой.
Удзельнікі абмеркавалі розныя падыходы да разумення беларускай дударскай традыцыі сёння, суадносіны этнаграфічнай і сучаснай плыняў, развіццё дударскіх клубаў, вечарын і школ, адукацыю дудароў, а таксама магчымасці і супярэчнасці ўключэння дудаў у спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны — на нацыянальным узроўні і ў рамках ЮНЕСКА.
У дыскусіі ўдзельнічалі Уладзімір Лобач, прафесар, доктар гістарычных навук, этнолаг; Ала Сташкевіч, экспертка па пытаннях нематэрыяльнай культурнай спадчыны і Канвенцыі ЮНЕСКА; Дзяніс Шматко, дудар і заснавальнік школы дудароў у Варшаве. Мадэратарам выступіў Яўген Барышнікаў, даследчык дударскай традыцыі.
Так праект стаў не толькі расповедам пра мінулае, але і прасторай для размовы пра тое, якой беларуская дударская традыцыя можа быць у сучаснасці і ў будучыні.
Вынікі
У межах праграмы Ночы музеяў Музей Вольнай Беларусі прыняў больш за 460 наведвальнікаў. Праграма ўключала 4 куратарскія экскурсіі і 3 гадзіны танцаў.
Праект аб’яднаў выставу, даследаванне, адукацыю, жывую музыку і ўдзел аўдыторыі, паказаўшы традыцыйную культуру як дынамічную з’яву, якая працягвае развівацца і набываць новыя значэнні.
«Дуды: музыка мінулага і сучаснасці» стаў прыкладам таго, як музей можа не толькі захоўваць культурную спадчыну, але і ствараць умовы для яе жывога перажывання, пераасэнсавання і перадачы наступным пакаленням.
Праект фінансаваўся са сродкаў сталічнага горада Варшавы.