Праект: “Музей Вольнай Беларусі: узмацненне патэнцыялу для беларускай культуры”

Icon
Projects
Icon
August 1, 2026
News Main Image

Перыяд рэалізацыі: 1 лістапада 2025 — 31 кастрычніка 2026

Праект накіраваны на ўмацаванне ўстойлівасці і арганізацыйнае развіццё Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве — беларускай культурнай інстытуцыі, якая збірае, захоўвае і прэзентуе артэфакты і сведчанні сучаснай беларускай гісторыі, а таксама развівае музей як культурна-адукацыйную пляцоўку і прастору для міжнароднага культурнага дыялогу.

У межах праекта музей працуе над удасканаленнем сваёй арганізацыйнай структуры, развіццём стратэгічнага планавання, вывучэннем патрэбаў аўдыторыі, пашырэннем камунікацыі і пошукам новых магчымасцяў для фінансавай устойлівасці.

Стратэгічнае і арганізацыйнае развіццё

Адным з асноўных кірункаў праекта стала стварэнне больш устойлівай і сістэмнай мадэлі працы музея.

У межах праекта распрацаваны і актуалізаваны два ключавыя дакументы — Канцэпцыя развіцця Музея Вольнай Беларусі і Стратэгія развіцця Музея Вольнай Беларусі на 2026–2028 гады. Дакументы прайшлі экспертную ацэнку і былі апублікаваны на сайце музея.

Таксама быў распрацаваны новы штатны расклад і размеркаваны функцыі супрацоўнікаў музея. Працоўныя абавязкі былі дакладна зафіксаваныя ў працоўных дамовах, што дазволіла больш выразна арганізаваць працу каманды і паменшыць шматзадачнасць.

Актуалізацыя Статута музея таксама ўваходзіць у праект. На момант прамежкавай справаздачы дакумент праходзіў паўторную юрыдычную экспертызу, таму гэтая частка працы працягваецца.

Даследаванне аўдыторыі і развіццё камунікацыі

Каб лепш разумець патрэбы наведвальнікаў і аўдыторыі музея, было праведзена даследаванне яе інтарэсаў і патрэбаў. У ім узялі ўдзел 50 чалавек. Вынікі даследавання сталі адной з асноў для развіцця камунікацыйнай працы музея.

У межах праекта ў музеі з'явіўся асобны кірунак знешняй камунікацыі. Камунікацыя вядзецца праз Instagram і Facebook, а з красавіка 2026 года — таксама праз новы сайт музея.

З лютага 2026 года музей таксама выпускае штомесячны трохмоўны бюлетэнь на беларускай, польскай і англійскай мовах. Ён распаўсюджваецца сярод партнёраў і донараў музея, а таксама беларускіх незалежных медыя.

Праект прадугледжвае стварэнне асобнай камунікацыйнай стратэгіі. Яе першая версія была падрыхтавана, але пасля экспертнага аналізу патрабавала дапрацоўкі. Таму на момант прамежкавай справаздачы праца над дакументам працягвалася.

Новы сайт і лічбавая прысутнасць

Важным вынікам праекта стала стварэнне новай кропкі камунікацыі — сайта Музея Вольнай Беларусі.

Паводле дадзеных Google Analytics, з 4 красавіка да 27 мая 2026 года сайт наведалі больш за 1 200 актыўных карыстальнікаў, з іх каля 1 100 — новыя карыстальнікі. Найбольшая колькасць наведвальнікаў у маі была з Польшчы; таксама сайт наведвалі карыстальнікі са ЗША, Сінгапура, Германіі, Нідэрландаў, Італіі і Швецыі.

Сайт рэгулярна папаўняецца матэрыяламі на беларускай, польскай і англійскай мовах — у сярэднім 4–5 новых адзінак кантэнту на тыдзень.

Пашырэнне аўдыторыі

За студзень–май 2026 года музей наведалі 3 823 чалавекі, што на 2% больш, чым за аналагічны перыяд 2025 года.

Яшчэ больш за 400 чалавек наведалі выязныя выставы музея па-за Варшавай — у культурным цэнтры Baobab у Любліне і ў Музеі Незалежнасці Польшчы.

Агульны ахоп праекта за справаздачны перыяд склаў 204 000, у тым ліку каля 200 200 віртуальных наведванняўсайта і старонак музея ў сацыяльных сетках за сакавік–май 2026 года.

Акрамя таго, у межах праекта музей стаў больш сістэмна планаваць сваю дзейнасць: фарміруецца гадавы план выставачнай работы, складаюцца штомесячныя планы мерапрыемстваў і медыя-планы, а таксама арганізаваны збор заявак на творчыя праекты.

Новыя паслугі і фінансавая ўстойлівасць

Яшчэ адзін кірунак праекта — пошук дадатковых магчымасцяў для фінансавай устойлівасці музея.

У межах праекта былі распрацаваны і апрабаваны платныя групавыя экскурсіі на беларускай, польскай і англійскай мовах. Для іх былі падрыхтаваны матэрыялы і разлічаны кошт паслуг.

Найбольш запатрабаванай на этапе тэставання аказалася экскурсія на англійскай мове. Пілотная экскурсія прынесла музею 300 еўра даходу. Працяг тэставання дазволіць музею ацаніць попыт і ўдасканаліць мадэль гэтай паслугі.

Каманда таксама атрымлівае новыя веды і практычныя навыкі ў галіне платных паслуг і іх прасоўвання. У навучальных сустрэчах удзельнічала 80–100% каманды праекта.

Наступным этапам праекта з'яўляецца апрабацыя краўдфандынга як яшчэ аднаго механізму фінансавання музея.

Прафесійныя сувязі і партнёрствы

Праект таксама спрыяе развіццю прафесійных сувязяў музея. У справаздачны перыяд да працы былі прыцягнуты знешнія эксперты, а музей удзельнічаў у прафесійных сетках беларускіх і еўрапейскіх культурных арганізацый.

Пашырэнне супрацоўніцтва з польскімі культурнымі інстытуцыямі ўжо дало магчымасць правесці выязныя мерапрыемствы ў Любліне і Варшаве, што стала адным са спосабаў працы з новай аўдыторыяй і развіцця патэнцыйных партнёрстваў.

Вынікі праекта

У першай палове рэалізацыі праекта Музей Вольнай Беларусі зрабіў шэраг крокаў для пераходу да больш сістэмнай і ўстойлівай мадэлі працы: распрацаваны стратэгічныя дакументы, удасканалена арганізацыйная структура, даследавана аўдыторыя, запушчаны новы сайт і пашыраны камунікацыйныя інструменты.

Паралельна музей тэстуе новыя платныя паслугі, развівае прафесійныя сувязі і шукае дадатковыя механізмы фінансавай устойлівасці.

Праект працягваецца да 31 кастрычніка 2026 года, таму частка запланаваных вынікаў яшчэ знаходзіцца ў працэсе рэалізацыі. На гэтым этапе галоўным вынікам становіцца стварэнне інструментаў, якія павінны працаваць і пасля завяршэння праекта: стратэгічныя дакументы, сістэма камунікацыі, новыя паслугі, партнёрскія сувязі і больш устойлівая арганізацыйная структура.

Праект рэалізуецца ў межах праграмы ArtPower Belarus пры інстытуцыйнай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

‍