Пасля таталітарызму: музей, памяць і беларуская перспектыва.Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя
November 9, 2026
8–9 кастрычніка 2026 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Пасля таталітарызму: музей, памяць і беларуская перспектыва». Яна аб’яднала музейшчыкаў, гісторыкаў, даследчыкаў памяці, архівістаў, куратараў і экспертаў з Беларусі і розных краін Еўропы.
Канферэнцыя стала прасторай для міжнароднага абмену досведам і абмеркавання таго, як музеі і даследчыя інстытуцыі працуюць са складанай спадчынай таталітарызму і аўтарытарызму, захоўваюць памяць пра рэпрэсіі, дзяржаўны гвалт і супраціў, а таксама пераасэнсоўваюць гістарычныя наратывы пасля палітычных пераломаў.
У цэнтры ўвагі былі пытанні гістарычнай адказнасці, справядлівасці і прымірэння, ролі музеяў у захаванні памяці ахвяр, уплыву гістарычнага рэвізіянізму, а таксама выклікаў, з якімі сутыкаюцца культурныя інстытуцыі ў эміграцыі.
У канферэнцыі ўзялі ўдзел больш за 25 выступоўцаў з Беларусі, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Венгрыі, Албаніі, Малдовы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Украіны, Італіі, Францыі і іншых краін.
Першы дзень. Памяць пра рэпрэсіі і гістарычны рэвізіянізм
8 кастрычніка 2026 года
Першы дзень канферэнцыі быў прысвечаны памяці пра рэпрэсіі, гістарычнаму рэвізіянізму, складанай спадчыне і лакальным мемарыяльным практыкам.
Канферэнцыю адкрылі дырэктарка Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская, кіраўніца сакратарыята Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і медыя Таццяна Тэрмаціч, дырэктар Цэнтра дыялогу імя Юліуша Мірашэўскага Лукаш Адамскі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Цэнтральнай падзеяй дня стала пленарная сесія «Памяць пра рэпрэсіі і рэвізіянізм у посттаталітарным свеце», мадэратарам якой выступіў гісторык Павел Церашковіч.
Даследчыкі з Чэхіі, Венгрыі, Албаніі і Малдовы прадставілі досвед сваіх краін у працы з памяццю пра камуністычнае мінулае, палітычныя рэпрэсіі і дзяржаўны гвалт:
* Klára Pinerová — Інстытут сучаснай гісторыі Чэшскай акадэміі навук;
* András Mink — Архіў Блінкена Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта;
* Enriketa Papa-Pandelejmoni — Універсітэт Тыраны;
* Ludmila Cojocaru — Нацыянальны музей гісторыі Малдовы, Музей ахвяр дэпартацый і палітычных рэпрэсій;
* Virgiliu Bîrlădeanu — Інстытут гісторыі Малдаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У тэматычных секцыях таксама абмяркоўваліся лакальныя практыкі захавання памяці, музейныя наратывы і досвед працы з гістарычнай спадчынай у розных краінах.
Адной з ключавых думак першага дня стала неабходнасць прызнання самога факту таталітарызму і яго наступстваў. Без прызнання таго, што адбылося, немагчыма паўнавартасна весці размову пра адказнасць, справядлівасць і пераасэнсаванне мінулага.
Другі дзень. Палітыка памяці, спадчына і беларуская перспектыва
9 кастрычніка 2026 года
Другі дзень канферэнцыі быў прысвечаны гістарычным наратывам, палітыцы памяці, вайне, міграцыі, захаванню культурнай спадчыны і досведу людзей, якія сутыкнуліся з дзяржаўным гвалтам, выгнаннем і стратай дома.
У секцыі пра палітыку памяці, вайну і транснацыянальныя наратывы выступілі даследчыкі і музейныя спецыялісты з Германіі і Польшчы: Stefan Donth, Kristiane Janeke, Bożena Kozakevych і Paweł Kalisz.
Наступная секцыя была прысвечаная беларускай памяці, рэпрэсіям, ідэнтычнасці і захаванню спадчыны. Сярод яе ўдзельнікаў — Вольга Архіпава, Valieruya Charnamortsava і Ilia Magin.
Асобнае месца ў праграме заняла дыскусія «Музей Вольнай Беларусі: памяць пра несвабоду, прастора для свабоды». Каманда музея падзялілася досведам працы з беларускай спадчынай у эміграцыі і абмеркавала з міжнароднымі калегамі выклікі, з якімі сутыкаюцца музеі ў складаных палітычных абставінах.
Важнай тэмай стала міграцыя. Музей памяці Сібіры ў Беластоку прадставіў гісторыю польскіх грамадзян, якія падчас Другой сусветнай вайны знайшлі прытулак у краінах Афрыкі і Азіі. Зварот да гэтых гісторый дазваляе лепш зразумець досвед людзей, вымушаных пакідаць свае дамы, і ўбачыць гістарычныя паралелі з сучаснымі міграцыйнымі крызісамі.
Заключная частка праграмы была прысвечаная міжнароднаму досведу працы музеяў, мастацкім практыкам і ўдзелу людзей з міграцыйным досведам у культурным жыцці. Свае даследаванні і практыкі прадставілі Judith Depaule (Францыя) і Rob Sharp (Універсітэт Сасэкса).
Відэазапіс пленарнага пасяджэння
Пленарнае пасяджэнне «Памяць пра рэпрэсіі і рэвізіянізм у посттаталітарным свеце» даступнае для прагляду на YouTube-канале Музея Вольнай Беларусі.
Удзельнікі з Чэхіі, Венгрыі, Албаніі і Малдовы абмяркоўваюць, як фарміруецца памяць пра дзяржаўны гвалт і палітычныя рэпрэсіі, як змяняюцца музейныя наратывы пасля палітычных пераломаў і якую ролю адыгрываюць музеі ў захаванні памяці ахвяр.
Важным вынікам праекта стане публікацыя навуковага зборніка выступаў удзельнікаў канферэнцыі.
Выданне аб’яднае даследаванні і матэрыялы навукоўцаў, музейных спецыялістаў і экспертаў, якія прадстаўляюць розныя нацыянальныя і прафесійныя перспектывы працы з таталітарнай і аўтарытарнай спадчынай.
Зборнік працягне дыскусію, распачатую ў Варшаве, і дазволіць захаваць, сістэматызаваць і пашырыць міжнародны досвед працы з памяццю пра рэпрэсіі, дзяржаўны гвалт, гістарычную спадчыну і супраціў.