Першы дзень міжнароднай канферэнцыі «Пасля таталітарызму: музей, памяць і беларуская перспектыва»

Icon
October 8, 2026
News Main Image
Завяршыўся першы дзень міжнароднай канферэнцыі «Пасля таталітарызму: музей, памяць і беларуская перспектыва».
Ён быў прысвечаны памяці пра рэпрэсіі, гістарычнаму рэвізіянізму, складанай спадчыне і лакальным мемарыяльным практыкам. Удзельнікі з Беларусі і розных краін Еўропы дзяліліся досведам таго, як музеі і даследчыя інстытуцыі працуюць з траўмай таталітарнага мінулага, дзяржаўным гвалтам, памяццю пра ахвяр і захаваннем спадчыны.
Канферэнцыю адкрылі дырэктарка Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская, Таццяна Тэрмаціч — кіраўніца сакратарыята Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і медыя, Лукаш Адамскі — дырэктар Цэнтра дыялогу імя Юліуша Мірашэўскага, а таксама Павел Латушка — кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
У пленарнай сесіі «Памяць пра рэпрэсіі і рэвізіянізм у посттаталітарным свеце», мадэратарам якой быў Павел Церашковіч, выступілі:
• Klára Pinerová — Інстытут сучаснай гісторыі Чэшскай акадэміі навук;
• András Mink — Архіў Блінкена Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта;
• Enriketa Papa-Pandelejmon — Універсітэт Тыраны;
• Ludmila Cojocaru — Нацыянальны музей гісторыі Малдовы, Музей ахвяр дэпартацый і палітычных рэпрэсій;
• Virgiliu Bîrlădeanu — Інстытут гісторыі Малдоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У тэматычных секцыях да размовы далучыліся Lisi Ploom, Evita Feildentāle, Андрэй Архіпенка, Паўліна Вітулчанка, Ганна Гавіна, Bartłomiej Sokołowski, Shalala Mammadova, Mykhailo Kostiv і Anna Gataleta.
Асобна важнай стала размова пра тое, што неабходна для працы з памяццю пасля таталітарнага досведу. Падчас пытанняў пасля першай пленарнай сесіі прагучала думка: каб рухацца далей у працы з памяццю, спачатку неабходна прызнаць сам факт таго, што адбылося, — прызнаць існаванне таталітарызму і яго наступстваў. Без гэтага прыняцця складана пачаць паўнавартасную размову пра адказнасць і пераасэнсаванне мінулага.
Вялікі дзякуй выступоўцам, мадэратарам і ўдзельнікам, якія сёння былі з намі — у Варшаве і анлайн. Дзякуй за адкрытыя пытанні, розныя досведы і размову, якая выходзіць далёка за межы музейнай практыкі.
Здымкi: Музей Вольнай Беларусі і Дар'і Кротавай.
‍
* Мерапрыемства дафінансавана Цэнтрам Мірашэўскага ў рамках IV Адкрытага конкурсу

Чытаць яшчэ