Сцяг Палка Каліноўскага

News Main Image

Камандзір палка Каліноўскага Павал «Дзядзька» Шурмей падпісаў і перадаў у фонды Музея Вольнай Беларусі сцяг свайго падраздзялення. А мы знайшлі чалавека, які стварыў афіцыйную эмблему Палка Кастуся Каліноўскага і ўзялі ў яго невялікае інтэрв’ю пра гісторыю і спецыфіку гэтай эмблемы.

Камандзір палка Каліноўскага Павал “Дзядзька” Шурмей

Такім чынам, знаёмцеся, Канстанцін «Кос» Сушчык, які сам пра сябе кажа — «дызайнер на вайне». Вось што ён распавёў нам пра гісторыю эмблемы Палка:

«Насамрэч, гэта быў вельмі хуткі працэс, 1-га сакавіка 2022 года мы абвясцілі пра стварэнне беларускай роты, а 8-га, я памятаю, проста на парце ў калідоры на базе палка “Азоў” мы малявалі гэтую эмблему. І ўжо 9-га сакавіка абвясцілі аб стварэнні Батальёна Каліноўскага і выкарыстоўвалі яе.
“Мы” — тут я маю на ўвазе ўсіх тых, хто былі тады першымі. Маляваў менавіта я.
Сімволіка, якой мы карысталіся — гістарычная. Гэта “Пагоня”, у цэнтры, а ўсё астатняе, гэта ўжо палёт фантазіі. Тут у нас “Пагоня” ўпісана ўнутры, шчытом у шчыце, па-сутнасці, а вакол яе меч і каса. Гэта адсылка да паўстання Каліноўскага, да касінераў. Ну, і беларускі і ўкраінскі сцягі, якія ахутваюць гэтую эмблему. Знешні контур, гэта адначасова і шчыт. У нас атрымалася больш рэзкая, вуглаватая форма шэўрона, якая ў прынцыпе таксама была прыдуманая і ніадкуль не бралася.
Я б не сказаў, што гэта нейкая кананічная форма, хутчэй наадварот, штосьці сучаснае. Па-сутнасці, у нас атрымалася сумесь чагосьці з адсылкай да мінуўшчыны, але пад новы манер. Ніякімі геральдычнымі гайдамі я не карыстаўся, бо трэба было рабіць усё вельмі хутка.»

Створаная Канстанцінам Сушчыкам эмблема першапачаткова выкарыстоўвалася як шэўрон і перажыла сваю эвалюцыю. Спачатку гэта быў шэўрон Батальёна імя Каліноўскага, прычым надпіс рабіўся кірылічны, а ўжо затым выява набыла новыя рысы — з надпісам лацінкай «Połk Kalinoŭskaha». Менавіта гэтая эмблема і займае цэнтральнае месца на бел-чырвона-белым палотнішчы афіцыйнага сцяга падраздзялення.

Чытаць яшчэ