Гэты ўнікальны экспанат папоўніў калекцыю Музея Вольнай Беларусі ўвосені 2024 года. Гэта гумовая куля, якой быў паранены беларускі пратэстовец і былы палітзняволены Ягор Яўстратаў. А ўнікальнасці гэтаму артэфакту надае той факт, што гэты боепрыпас заставаўся ў целе Ягора чатыры гады перад гэтым.
Сваё раненне Ягор атрымаў у верасні 2020 года. Тады, у ноч з 28 на 29 верасня дзевяць жыхароў Мінска вырашылі сапсаваць аўтамабіль аднаго з сілавікоў. Як потым высветлілася, з гэтых дзевяці чалавек чацвёра былі правакатарамі. У тую ж ноч усіх затрымалі, а Ягор Яўстратаў атрымаў кулявыя раненні з траўматычнай зброі — у яго стралялі 4 ці 5 разоў, узгадвае Ягор. У шпіталі на яго целе знайшлі 18 раненняў. На фотаздымках, прадстаўленых самім пацярпелым, можна пабачыць шнары ад гэтых траўм. Адзін з боепрыпасаў, аднак, медыкі не заўважылі, бо ў мужчыны моцна распухла рука. З гумовым шарыкам ад карцечы пад скурай ён потым і адправіўся на тры гады і два месяцы зняволення.
Пасля вызвалення з турмы Ягор Яўстратаў выбраўся з Беларусі. Каб пакінуць краіну, яму прыйшлося пераплываць раку на літоўскай мяжы, прычым гэта адбывалася ў сакавіку, калі снег яшчэ ляжаў на палях. Каб падрыхтавацца да халоднай вады, Ягор напаўняў дома ванну халоднай вады і сядзеў у ёй.
9 верасня 2024 года кулю з рукі Ягора Яўстратава дасталі хірургі ў горадзе Беластоку, і неўзабаве ён перадаў гэты боепрыпас у Музей вольнай Беларусі.