
У траўні–чэрвені 2026 года Музей Вольнай Беларусі рэалізаваў праект «Дуды: музыка мінулага і сучаснасці», прымеркаваны да Ночы музеяў у Варшаве. Праект стаў маштабнай культурна-асветніцкай падзеяй, якая пазнаёміла наведвальнікаў з гісторыяй, традыцыяй і сучасным жыццём беларускай дударскай культуры.
Асновай праекта стала выстава, дзе былі прадстаўлены 25 унікальных музычных інструментаў — беларускія і еўрапейскія дуды. Экспазіцыя распавядала пра паходжанне інструмента, яго развіццё, месца ў беларускай культуры і сувязі з музычнай традыцыяй іншых краін Еўропы.
Для выставы былі падрыхтаваныя шматмоўныя інфармацыйныя стэнды на беларускай, польскай і англійскай мовах, якія аб'ядналі гістарычныя матэрыялы, архіўныя фатаграфіі і сучасныя даследаванні. Асобнай часткай экспазіцыі стала інтэрактыўная прастора «Майстэрня дудара», дзе кожны ахвотны мог бліжэй пазнаёміцца з працэсам стварэння інструмента і паспрабаваць сябе ў ігры на вучэбных дудах.
На працягу трох тыдняў былі арганізаваныя куратарскія экскурсіі на беларускай, польскай і англійскай мовах. Завяршыўся праект фінісажам і адкрытай экспертнай дыскусіяй «Дуды Беларусі: выклікі і перспектывы», якая сабрала даследчыкаў і музыкаў з Беларусі, Польшчы і Літвы.
У рамках Ночы музеяў на дворыку Музея адбыўся вялікі канцэрт жывой музыкі з удзелам беларускіх, польскіх і ўкраінскіх музыкаў. На сцэне выступілі гурт Lity Taler, Беларуская школа дудароў у Варшаве, Яўген Барышнікаў і іншыя выканаўцы.
Пасля канцэрта ўдзельнікі Школы традыцыйнай беларускай культуры ў Варшаве правялі майстар-класы па народных танцах пад жывое гучанне дудаў, ператварыўшы канцэрт у адкрытую прастору для сумеснага святкавання і знаёмства з традыцыйнай культурай.
Праект выклікаў вялікую цікавасць у наведвальнікаў і атрымаў шырокі розгалас у беларускіх і польскіх медыя. За час працы выставу наведалі амаль 900 чалавек, а канцэрт пад адкрытым небам сабраў некалькі соцень гледачоў.
Важным вынікам стала не толькі папулярызацыя беларускай музычнай спадчыны, але і стварэнне новых адукацыйных матэрыялаў, фота- і відэаархіва, якія будуць выкарыстоўвацца ў далейшай працы музея.
Праект таксама стаў платформай для міжнароднага супрацоўніцтва паміж даследчыкамі і музыкамі з розных краін. Дзякуючы новым партнёрствам выстава працягне сваё жыццё і будзе прадстаўлена на іншых культурных пляцоўках у Польшчы, а таксама за яе межамі.
Праект яшчэ раз пацвердзіў, што беларуская традыцыйная культура — гэта жывая спадчына, якая аб'ядноўвае людзей, спрыяе міжкультурнаму дыялогу і адкрывае новыя магчымасці для супрацоўніцтва.