Праект «Музей Вольнай Беларусі: узмацненне патэнцыялу для беларускай культуры»

Icon
Icon
January 17, 2026
News Main Image

У лістападзе 2025 года Музей Вольнай Беларусі распачаў рэалізацыю праекта «Музей Вольнай Беларусі: узмацненне патэнцыялу для беларускай культуры», накіраванага на ўмацаванне ўстойлівасці музея і яго развіццё як сучаснай культурнай інстытуцыі ў Варшаве.

Праект скіраваны на арганізацыю і сістэматызацыю ключавых напрамкаў дзейнасці музея — ад працы з калекцыяй і аўдыторыямі да камунікацыі, партнёрстваў і фінансавай устойлівасці. У межах праекта плануецца актуалізаваць місію музея, а таксама распрацаваць і апублікаваць Канцэпцыю і Стратэгію развіцця, якія будуць прадстаўленыя для незалежнай знешняй экспертнай ацэнкі.

Адным з запланаваных вынікаў праекта з’яўляецца павелічэнне аўдыторыі музея не менш чым на 10%. Асобная ўвага надаецца працы з анлайн-аудыторыяй, у тым ліку з беларусамі, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Плануецца таксама правесці апытанні наведвальнікаў з мэтай ацэнкі якасці камунікацыі музея і яе далейшага паляпшэння.

У межах праекта асобная ўвага будзе нададзена вывучэнню патрэбаў аўдыторыі, развіццю камунікацыйнай стратэгіі і пашырэнню партнёрскіх сувязяў. Запланаваныя апытанні аўдыторыі, грамадскае абмеркаванне базавых дакументаў музея, а таксама правядзенне краўдфандынгавай кампаніі. Прадугледжваецца актыўная публікацыйная дзейнасць — на сайце і ў сацыяльных сетках музея, а таксама ў партнёрскіх медыя.

Музей Вольнай Беларусі працягвае арыентавацца на працу з шырокай аўдыторыяй — беларусамі ўнутры краіны і за мяжой, падлеткамі і моладдзю, а таксама з уразлівымі групамі, у тым ліку беларускімі актывістамі, якія перажылі рэпрэсіі або вымушаную эміграцыю. Дзейнасць музея накіраваная на захаванне гістарычнай памяці, падтрымку права на годнасць, доступ да культурных каштоўнасцяў і распаўсюд інфармацыі.

Вынікі праекта разглядаюцца як доўгатэрміновыя. Распрацаваныя дакументы і выпрацаваныя ў працэсе рэалізацыі праекта практыкі павінны стаць асновай далейшага развіцця музея, узмацнення яго фінансавай устойлівасці і ролі як важнага актара беларускай культуры і культурнай дыпламатыі.