Праект "Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі" Музея Вольнай Беларусі

Icon
Projects
Icon
July 7, 2026
News Main Image

Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі

Тэрмін рэалізацыі праекта: 1 снежня 2025 — 30 чэрвеня 2026

Пра праект

Пасля падзей 2020 года ў Беларусі ўзнікла новая катэгорыя культурнай спадчыны — артэфакты грамадзянскага супраціву. Самаробныя плакаты і банеры, бел-чырвона-белыя сцягі, улёткі, выбарчыя бюлетэні, асабістыя рэчы ўдзельнікаў пратэстаў, дакументы, незалежныя выданні, мастацкія творы, лічбавыя архівы, фотаздымкі і відэазапісы — усё гэта стала матэрыяльнымі сведчаннямі аднаго з найважнейшых перыядаў сучаснай беларускай гісторыі.

Аднак вельмі хутка гэтыя прадметы ператварыліся не толькі ў гістарычныя сведчанні, але і ў крыніцу небяспекі для сваіх уладальнікаў. Ва ўмовах масавых рэпрэсій захоўванне нават звычайнага бел-чырвона-белага сцяга, выбарчай агітацыі або іншых прадметаў, звязаных з пратэстамі, магло стаць падставай для крымінальнага пераследу. Тысячы людзей былі вымушаныя хаваць гэтыя рэчы, пазбаўляцца ад іх або пакідаць у выпадковых месцах без належных умоў захоўвання. Адначасова дзяржаўныя структуры сістэматычна канфіскоўвалі і знішчалі падобныя матэрыялы падчас ператрусаў.

У гэтай сітуацыі захаванне артэфактаў перастала быць выключна музейнай задачай. Яно стала таксама пытаннем бяспекі людзей і захавання гістарычнай памяці.

Менавіта з гэтай патрэбы паўстаў праект «Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі», рэалізаваны Музеем Вольнай Беларусі ў 2025–2026 гадах.

Яго галоўнай мэтай стала стварэнне бяспечных механізмаў, якія дазволілі б беларусам перадаваць у музей матэрыяльныя і лічбавыя артэфакты, звязаныя з сучаснай гісторыяй краіны, а таксама забяспечыць іх прафесійнае захаванне, навуковае апісанне і далейшае выкарыстанне ў даследаваннях і выставачнай дзейнасці.

Праект быў адрасаваны не толькі тым, хто быў гатовы перадаць свае прадметы ў музей. Мы разумелі, што многія людзі не могуць або не хочуць расставацца з асабістымі рэчамі, якія маюць для іх вялікае эмацыйнае значэнне. Таму яшчэ адной задачай стала падрыхтоўка адукацыйных матэрыялаў пра тое, як захоўваць і лічбавізаваць артэфакты ў хатніх умовах, каб мінімізаваць рызыку іх страты.

Такім чынам праект аб'яднаў некалькі кірункаў дзейнасці: музейную працу, архівацыю, даследаванне сучаснай гісторыі, адукацыю і распрацоўку бяспечных механізмаў супрацоўніцтва з людзьмі, якія працягваюць жыць ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму.

Ад ідэі да рэалізацыі

Каманда музея распрацавала ўнутраныя пратаколы бяспекі. Былі ўкаранёныя тэхнічныя рашэнні для абароненай камунікацыі, арганізаваныя бяспечныя спосабы перадачы матэрыялаў, падрыхтаваныя лагістычныя алгарытмы вывазу прадметаў праз трэція краіны. Частка тэхнічнай інфраструктуры музея была пераведзена на асобныя рэжымы працы, якія мінімізуюць рызыкі пры кантактах з людзьмі ў Беларусі.

Упершыню ў сваёй дзейнасці Музей Вольнай Беларусі сістэмна аб'яднаў музейную працу з сучаснымі прынцыпамі інфармацыйнай бяспекі. Напрацаваныя падчас праекта працэдуры сталі асновай для далейшай працы музея і працягваюць выкарыстоўвацца пасля яго завяршэння.

Праца з людзьмі і артэфактамі

Асноўная праца праекта адбывалася не ў публічнай прасторы, а ў асабістай камунікацыі.

Паступова вакол музея сфармавалася сетка людзей у Беларусі, якія былі гатовыя дапамагчы ў захаванні нацыянальнай спадчыны. Адны перадавалі ў музей уласныя артэфакты, другія дапамагалі арганізоўваць іх транспарціроўку, трэція выступалі пасрэднікамі паміж уладальнікамі прадметаў і музеем.

Каманда музея чакала, што галоўнай прычынай адмовы ад перадачы прадметаў будзе страх перад рэпрэсіямі. На практыцы сітуацыя аказалася значна складанейшай. Для многіх людзей гэтыя рэчы былі не проста гістарычнымі сведчаннямі, а часткай уласнай біяграфіі і сімвалам надзеі на вяртанне ў свабодную Беларусь. Некаторыя прызнаваліся, што не хочуць вывозіць свае сцягі, банеры або іншыя артэфакты, бо вераць, што пасля пераменаў змогуць самі вярнуцца і забраць іх. Іншыя наўмысна пакідалі нацыянальныя сімвалы ў беларускай зямлі, успрымаючы гэта як своеасаблівы сімвалічны акт захавання памяці.

Гэты досвед стаў адным з найбольш важных вынікаў праекта. Ён паказаў, што музей працуе не толькі з матэрыяльнымі прадметамі, але і з асабістай памяццю, эмоцыямі і каштоўнасцямі людзей, для якіх артэфакты пратэсту застаюцца часткай іх уласнай гісторыі.

Менавіта таму галоўным прынцыпам праекта стала не колькасць сабраных экспанатаў, а давер. Кожная перадача адбывалася толькі тады, калі адначасова супадалі жаданне чалавека, магчымасць бяспечнай лагістыкі і ўпэўненасць у тым, што музей здолее надзейна захаваць гэты фрагмент сучаснай гісторыі Беларусі.

Вынікі праекта

Нягледзячы на тое, што праект рэалізоўваўся ва ўмовах высокіх рызык і абмежаванай магчымасці адкрытай камунікацыі з людзьмі ў Беларусі, яго вынікі істотна пераўзышлі першапачатковыя чаканні.

На этапе планавання прадугледжвалася, што ў музей удасца перадаць каля 50 новых артэфактаў непасрэдна з Беларусі. Аднак ужо падчас рэалізацыі стала зразумела, што дзякуючы сетцы кантактаў і бяспечным лагістычным механізмам маштаб праекта можа быць значна большым.

У выніку Музей Вольнай Беларусі атрымаў 303 матэрыяльныя артэфакты, якія былі зарэгістраваныя ў музейных фондах у выглядзе 181 інвентарнага найменавання. З іх 143 найменаванні былі перададзены непасрэдна з Беларусі, а яшчэ некалькі дзясяткаў — ад беларусаў, якія цяпер жывуць у эміграцыі, але захавалі прадметы, створаныя ў Беларусі.

Не менш важным вынікам стала папаўненне музейнай калекцыі вялікім масівам лічбавых матэрыялаў. У фонды музея паступіла больш за 7 000 электронных файлаў, якія ўжо сёння з'яўляюцца адной з найбольш поўных калекцый візуальных сведчанняў беларускага пратэстнага руху.

Усе прадметы прайшлі рэгістрацыю, навуковае апісанне і каталагізацыю ў адпаведнасці з сучаснымі музейнымі стандартамі. Гэта азначае, што яны сталі не проста захаванымі рэчамі, а паўнавартаснымі музейнымі экспанатамі, якія могуць выкарыстоўвацца ў даследаваннях, выставах і адукацыйных праектах.

Калекцыя сучаснай гісторыі Беларусі

Праект істотна змяніў характар музейнай калекцыі. Калі раней у фондах Музея Вольнай Беларусі ўжо былі прадстаўлены асобныя матэрыялы, прысвечаныя найноўшай гісторыі краіны, то пасля завяршэння праекта з'явілася магчымасць паказаць развіццё беларускага дэмакратычнага руху значна больш поўна.

Новыя паступленні ахапілі храналагічны перыяд ад пачатку 1990-х гадоў да сённяшняга дня.

У музей былі перададзены дакументы палітычных партый і грамадскіх арганізацый, матэрыялы незалежных прафсаюзаў, перадвыбарчыя дакументы, архівы рэгіянальных актывістаў, незалежныя газеты, агітацыйныя матэрыялы, прадметы, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, а таксама асабістыя рэчы ўдзельнікаў пратэстаў.

Асаблівае месца ў калекцыі занялі матэрыяльныя сведчанні падзей жніўня 2020 года.

Сярод іх — арыгінальныя выбарчыя бюлетэні, якія пасля падліку галасоў спрабавалі знішчыць; прадметы з бел-чырвона-белай сімволікай; сцягі, што ўдзельнічалі ў маршах; агітацыйныя матэрыялы штаба Святланы Ціханоўскай; дакументы, створаныя падчас грамадзянскага супраціву; асабістыя архівы ўдзельнікаў падзей.

У калекцыю таксама ўвайшлі мастацкія творы, створаныя як непасрэдная рэакцыя на падзеі 2020 года. Адным з найбольш адметных комплексаў сталі гіпсавыя барэльефы, зробленыя з кветак, якія людзі прыносілі да народных мемарыялаў у памяць пра загінулых падчас пратэстаў, у тым ліку да мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага.

Пашырылася і геаграфія музейнага збору. Калі раней калекцыя была прадстаўлена пераважна матэрыяламі з Мінска, то дзякуючы праекту ў ёй з'явіліся артэфакты з Брэста, Магілёва, Бабруйска, Глуска, Круглага, Пружанаў і іншых гарадоў Беларусі.

Такім чынам праект дазволіў значна больш поўна паказаць, што дэмакратычны рух быў агульнабеларускай з'явай, а не толькі гісторыяй сталіцы.

Лічбавыя архівы

Адным з найбольш важных адкрыццяў праекта стала праца з лічбавай спадчынай.

Калі матэрыяльныя артэфакты ўжо даўно займаюць сваё месца ў музейнай практыцы, то вялікія масівы электронных даных толькі нядаўна сталі ўспрымацца як самастойныя музейныя аб'екты. Падчас праекта музей атрымаў некалькі ўнікальных архіваў.

Яшчэ адным выключным паступленнем стала калекцыя фотаздымкаў бел-чырвона-белай сімволікі ў гарадской прасторы Мінска. Гэта вялікі візуальны архіў, які дазваляе даследаваць тое, як змянялася гарадская прастора падчас пратэстаў і як нацыянальная сімволіка прысутнічала ў розных раёнах беларускай сталіцы.

Акрамя буйных архіваў музей атрымаў і дзясяткі асобных фотаздымкаў ад людзей, якія застаюцца ў Беларусі. Частка з іх фіксуе невялікія, але вельмі важныя праявы грамадзянскага супраціву ўжо пасля 2020 года — ад бел-чырвона-белай каляднай ёлкі да фатаграфій фрагментаў боепрыпасаў, выкарыстаных супраць пратэстоўцаў.

Праца з такімі матэрыяламі стала новым выклікам для музея. Спатрэбілася распрацаваць новыя прынцыпы іх рэгістрацыі, навуковага апісання і доўгатэрміновага захавання. Такім чынам праект стаў важным этапам у развіцці працы музея з лічбавымі калекцыямі.

Не толькі збор, але і адукацыя

Праект быў скіраваны не толькі на папаўненне музейнай калекцыі. Мы разумелі, што многія людзі не могуць бяспечна перадаць свае артэфакты ў музей. Для іх было важна атрымаць веды пра тое, як захаваць гэтыя прадметы самастойна, пакуль такая магчымасць не з'явіцца.

Менавіта таму ў межах праекта быў створаны адукацыйны цыкл «Музей у хатніх умовах». Каманда музея падрыхтавала два навучальныя відэаролікі, прысвечаныя захаванню і лічбавізацыі артэфактаў. У іх простай мовай тлумачыліся асноўныя прынцыпы музейнага захоўвання, правілы працы з папяровымі дакументамі, тканінай, фотаздымкамі, а таксама стварэння якасных электронных копій.

Агульная колькасць праглядаў гэтых матэрыялаў склала каля 10 300, пры гэтым каля 99 % аўдыторыі знаходзілася ў Беларусі.

Акрамя гэтага, музей арганізаваў некалькі анлайн-воркшопаў па захаванні прыватных калекцый і іх лічбавізацыі. Хоць праз меркаванні бяспекі ўдзел людзей з Беларусі быў абмежаваны, гэтыя сустрэчы сталі яшчэ адным спосабам падтрымліваць прафесійную камунікацыю і перадаваць веды тым, хто сёння працягвае захоўваць артэфакты ўнутры краіны.

Праект паказаў, што нават у сітуацыі, калі фізічная перадача прадметаў немагчымая, музей можа дапамагаць захоўваць гістарычную памяць праз адукацыю, кансультацыі і распаўсюд прафесійных ведаў.

Выстава «Дэпатрыяцыя»

Кульмінацыяй праекта стала выстава «Дэпатрыяцыя», якая прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве з 9 па 26 чэрвеня 2026 года.

Упершыню шырокай публіцы былі прадстаўлены дзясяткі артэфактаў, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся ў Беларусі і захоўваліся ва ўмовах пастаяннай небяспекі. Большасць з іх ніколі раней не экспанавалася.

Назва выставы — «Дэпатрыяцыя» — была прапанавана творчай камандай музея. Яна адлюстроўвае лёс культурных каштоўнасцяў, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну дзеля ўласнага захавання. Гаворка ішла не толькі пра фізічнае перамяшчэнне музейных прадметаў праз дзяржаўныя межы, але і пра больш шырокую з'яву — вымушаную эвакуацыю матэрыяльнай памяці народа ва ўмовах палітычных рэпрэсій.

Аснову экспазіцыі склалі артэфакты, атрыманыя падчас праекта: выбарчыя бюлетэні 2020 года, дакументы грамадскіх арганізацый, бел-чырвона-белыя сцягі, прадметы з пратэстаў, мастацкія творы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў дэмакратычнага руху, а таксама лічбавыя матэрыялы і архіўныя фатаграфіі.

Канцэпцыю выставы распрацаваў беларускі мастак-канцэптуаліст Аляксандр Адамаў. Экспазіцыя была пабудавана такім чынам, каб паказаць не толькі асобныя прадметы, але і гісторыі людзей, якія іх захоўвалі, хавалі, рызыкавалі дзеля іх бяспекі і ўрэшце вырашылі перадаць музею.

Выставу наведалі каля 300 чалавек. Для многіх наведнікаў яна стала першай магчымасцю ўбачыць арыгінальныя артэфакты беларускага пратэсту не ў медыя, а ў музейнай прасторы — як частку гісторыі, якая ўжо патрабуе захавання і асэнсавання.

Па выніках выставы Музей Вольнай Беларусі выдаў другі каталог, у які ўвайшлі апісанні і выявы больш як пяцідзесяці найбольш значных экспанатаў. Каталог стаў працягам працы па навуковай дакументацыі сучаснай беларускай гісторыі і зрабіў новую частку музейнай калекцыі даступнай для даследчыкаў і ўсіх зацікаўленых.

Праект атрымаў шырокае асвятленне ў беларускіх і польскіх медыя. Пра выставу і яе экспанаты расказалі «Наша Ніва», Белсат, Радыё Свабода, Reform.news, MOST, Budzma, Onet.pl, Польскае радыё і іншыя выданні. Інфармацыя пра выставу распаўсюджвалася таксама ў сацыяльных сетках беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Чаму гэты праект стаў важным

Адным з галоўных вынікаў праекта стала не толькі колькасць сабраных экспанатаў, але і змена самога разумення таго, чым сёння можа быць музей.

Праца паказала, што захаванне сучаснай гісторыі Беларусі патрабуе прынцыпова іншых падыходаў, чым традыцыйнае музейнае камплектаванне. Многія артэфакты працягваюць знаходзіцца ў краіне, дзе іх захоўванне звязана з рызыкай для ўладальнікаў. Гэта азначае, што музей павінен умець працаваць ва ўмовах, калі галоўным прыярытэтам становіцца бяспека людзей.

Падчас праекта былі распрацаваны і ўпершыню правераны на практыцы пратаколы бяспечнай камунікацыі, перадачы і лагістыкі музейных прадметаў. Гэтыя механізмы працягваюць выкарыстоўвацца Музеем Вольнай Беларусі і пасля завяршэння праекта.

Не менш важным вынікам стала развіццё працы з лічбавымі артэфактамі. Фатаграфіі, архівы Telegram-супольнасцяў, вялікія масівы электронных файлаў і іншыя формы сучаснай дакументацыі запатрабавалі распрацоўкі новых падыходаў да іх рэгістрацыі, навуковага апісання і доўгатэрміновага захавання. Гэтая праца стала новым этапам развіцця музейных фондаў.

Праект змяніў і разуменне саміх артэфактаў. У працэсе камунікацыі высветлілася, што для многіх людзей гэтыя прадметы — не проста гістарычныя сведчанні. Яны сталі часткай асабістай гісторыі, сімвалам надзеі і чакання вяртання ў свабодную Беларусь.

Менавіта таму не ўсе былі гатовыя перадаць свае рэчы ў музей. Частка людзей свядома пакідала іх у Беларусі, спадзеючыся пасля пераменаў вярнуцца і забраць іх самастойна. Іншыя ўспрымалі схаваныя сцягі і іншыя нацыянальныя сімвалы як своеасаблівы знак таго, што гісторыя працягваецца, нават калі гэтыя рэчы пакуль не могуць быць адкрыта паказаныя.

Гэты досвед стаў для музея не менш каштоўным, чым самі артэфакты. Ён паказаў, што музеіфікацыя сучаснай гісторыі — гэта заўсёды праца не толькі з прадметамі, але і з памяццю, чалавечымі гісторыямі, даверам і адказнасцю.

Спадчына праекта

Праект «Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі» завяршыўся ў чэрвені 2026 года, аднак яго вынікі працягваюць вызначаць развіццё Музея Вольнай Беларусі.

Усе прынятыя прадметы сталі часткай музейнай калекцыі і працягваюць праходзіць навуковую апрацоўку. Яны выкарыстоўваюцца ў даследаваннях, адукацыйных праграмах, выставах і выданнях музея.

Падчас праекта была створана сетка супрацоўніцтва з людзьмі ў Беларусі, экспертамі, даследчыкамі і музейнымі партнёрамі. Гэтая супольнасць працягвае папаўняць музейную калекцыю і пасля афіцыйнага завяршэння праекта.

Напрацаваныя прынцыпы бяспечнай працы, вопыт захавання лічбавых архіваў і лагістычныя рашэнні сталі часткай пастаяннай дзейнасці музея. Менавіта дзякуючы ім з'явілася магчымасць распрацоўваць новыя даследчыя і выставачныя праекты.

Матэрыялы, сабраныя ў межах праекта, ужо сталі асновай для наступных экспазіцый. У прыватнасці, перададзеная ў музей калекцыя фатаграфій бел-чырвона-белай сімволікі ў гарадской прасторы Мінска стала фундаментам выставы «2020: Гаворыць Мінск». Працягваецца таксама праца па эвакуацыі і вывучэнні іншых комплексаў артэфактаў, якія могуць стаць асновай для будучых выстаў.

Такім чынам, праект не толькі захаваў сотні сведчанняў сучаснай беларускай гісторыі, але і стварыў доўгатэрміновую інфраструктуру для іх даследавання, інтэрпрэтацыі і прадстаўлення грамадству. У гэтым сэнсе яго галоўны вынік — не толькі новая музейная калекцыя, але і фарміраванне новых падыходаў да захавання спадчыны ў сітуацыі, калі сама гісторыя працягвае стварацца на вачах.