
Адмыслова ў гэты дзень рады падзяліцца з вамі важнай навіной – цяпер у нас ёсць цэлая бібліятэка і ёй змогуць карыстацца нашы наведвальнікі!
Факультэтам прыкладной лінгвістыкі (Wydział Lingwistyki Stosowanej) Варшаўскага ўніверсітэта ў фонды нашага музея была перададзена калекцыя з 559 беларускіх кніг. Гэта акадэмічныя выданні, класічныя і сучасныя творы беларускіх аўтараў, кнігі па гісторыі, культуры, лінгвістыцы, фальклору, а таксама кнігі для дзяцей і падлеткаў. Сярод іх рэдкія і каштоўныя выданні Беларускай энцыклапедыі, незалежных беларускіх выдавецтваў 1990-х і 2000-х гадоў.
Кнігі былі перададзеныя ў знак салідарнаці з беларусамі і ў мэтах падтрымкі беларускай культуры ў Польшчы, дзеля таго, каб на мапе Варшавы з’явілася яшчэ адна кропка, дзе беларусы могуць дакрануцца да роднай мовы і роднага слова.
Перададзенай бібліятэкай змогуць карыстацца нашы наведвальнікі, а таксама шырокае кола навукоўцаў, студэнтаў, якія вывучаюць беларускую тэматыку ў польскіх універсітэтах, і ўсе, хто цікавіцца беларускай культурай. У дадатак да кніг Факультэта прыкладной лінгвістыкі чытачы таксама змогуць пазнаёміцца з найноўшымі беларускімі выданнямі, якія рупліва збірае Музей Вольнай Беларусі ў апошнія гады.
У Музеі Вольнай Беларусі будзе працаваць сістэма запісу ў чытальную залю. Сачыце за нашымі абнаўленнямі – неўзабаве мы апублікуем поўны спіс выданняў і падрабязнасці пра тое, як будзе працаваць выдача кніг наведвальнікам.