
Ганна вучылася ў Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Мачэрата, дзе спецыялізавалася на музеялогіі і музеяграфіі. Сёлета яна абараніла даследаванне, прысвечанае культурнай спадчыне Усходняй Еўропы.
Падчас працы над дыпломам Ганна шмат даследавала краіны рэгіёна і асабліва зацікавілася Беларуссю. Яна чытала матэрыялы беларускіх мастакоў, журналістаў і даследчыкаў — і менавіта так даведалася пра Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве.
Гэтае знаёмства стала пачаткам новага этапу. Ганна напісала камандзе Музея і прапанавала рэалізаваць у Варшаве ўласны даследчы праект.
У цэнтры даследчых інтарэсаў Ганны — культурная спадчына, памяць і ідэнтычнасць ва Усходняй Еўропе.
«Я даследую культурную спадчыну, але разглядаю яе перадусім праз прызму памяці і ідэнтычнасці», — распавядае Ганна.
Асобная тэма, над якой яна працуе, — захаванне культурнай спадчыны падчас вайны. Для яе важна не толькі даследаваць помнікі, мастацтва і культурныя аб’екты, але і зразумець, якую ролю яны адыгрываюць у захаванні памяці і ідэнтычнасці грамадства.
Падчас даследаванняў у Італіі Ганна мела доступ да вялікай колькасці кніг, артыкулаў і іншых матэрыялаў. Але паміж даследчыцай і рэальнасцю, якую яна вывучала, заставалася пэўная дыстанцыя.
Праца ў Музеі дазваляе пераадолець гэтую дыстанцыю.
Цяпер Ганна можа непасрэдна размаўляць з людзьмі, абменьвацца ідэямі, задаваць пытанні і атрымліваць інфармацыю з першых рук. Паводле яе слоў, менавіта гэтага ёй не хапала падчас працы над даследаваннем у Італіі.
На працягу года ў Варшаве яна будзе працягваць сваю даследчую працу і адначасова дзяліцца тым, што даведаецца, са сваім універсітэтам і калегамі ў Італіі.
Ганна паходзіць з Заходняй Еўропы і адзначае, што паміж Заходняй і Паўднёвай Еўропай і Усходняй Еўропай па-ранейшаму існуе шмат непаразуменняў і дэзінфармацыі.
Для яе праца з беларускай спадчынай — магчымасць лепш зразумець рэальнасць рэгіёна і перадаваць гэтыя веды далей.
«Я думаю, што нам трэба ведаць, што адбываецца, нават калі мы знаходзімся па-за межамі гэтай рэальнасці. Нам трэба ведаць, што адбываецца насамрэч. І я думаю, што магу быць своеасаблівым мостам паміж гэтымі дзвюма рэальнасцямі», — кажа Ганна.
Для Ганны гэты год у Варшаве — магчымасць працягнуць уласнае даследаванне, атрымаць практычны досвед у музейнай установе і быць бліжэй да тэмы, якую яна вывучае.
А для нас — магчымасць паглядзець на Беларусь і працу Музея яшчэ і вачыма даследчыцы з Італіі.
Ганна ўжо паспела скарыць сэрцы каманды сваёй сонечнай усмешкай, ведамі і цікаўнасцю да ўсяго, што адбываецца ў нашай прасторы.
