
25-27 верасня ў Берліне на базе Універсітэта Гумбальта праходзіў самы прадстаўнічы беларускі навуковы форум — Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Кангрэс з’яўляецца буйной штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры, што даследуюць беларускае грамадства, палітыку і культуру. Яго місія — развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных асяродках краіны, рэгіёна і свету. У гэтым годзе на Кангрэсе працавала звыш 50-ці секцый пра розныя аспекты беларускай гісторыі і сучаснасці.
Па ініцыятыве і арганізацыйнай падтрымцы Музея Вольнай Беларусі ў межах Кангрэсу ўпершыню адбылася музейная панель «Беларуская музейная справа: адказнасць ва ўмовах несвабоды і эміграцыі». Супрацоўнікамі музея было прапанавана два даклады: грунтоўны аналітычны агляд на тэму «Музей у выгнанні: сусветны вопыт для беларускіх практык» (даследчык Аляксей Бацюкоў), у якім аўтар прааналізаваў універсальныя і адметныя працэсы і практыкі музеяў, створаных прадстаўнікамі розных народаў свету ў вымушанай эміграцыі, а таксама дыскусійны выступ «Музей як палітычны суб’ект» (дырэктарка музея Наталля Задзяркоўская), у якім уздымаліся пытанні спалучэння культурнай місіі беларускіх музеяў і іх палітычнай адказнасцю ў сучасных умовах.
У дакладе «Рэпрэзентацыя калектыўнай траўмы беларускай рэвалюцыі 2020 года ў сацыяльна-культурным дыскурсе і мастацкай прасторы выгнання» было прааналізавана, як траўматычны досвед беларускага грамадства адлюстроўваецца праз мастацтва, тэатр, музейную дзейнасць — асабліва ў кантэксце вымушанай эміграцыі часткі актыўнага насельніцтва і цэнзуры ўнутры краіны.
Вялікую цікавасць выклікала і выступленне дырэктаркі па развіцці Беларускай Рады культуры Эліны Калнібалоцкай «ArtBorn Belarus: вяртанне мастацтва і мастакоў» — аб праекце, які быў ініцыянаваны БРК і ладзіцца ў мэтах рэ:візіі беларускіх артэфактаў у сусветных музеях, а таксама супрацы Рады культуры з Музеем гісторыі польскіх габрэяў POLIN