
Фраза „Нічога асабліва новага“ часта сустракаецца ў лістах беларускіх палітвязьняў. За гэтымі словамі — спроба схаваць боль і руціну зьняволеньня. Але менавіта гэтая зьнешняя будзённасьць і становіцца сьведчаньнем сыстэмнай несправядлівасьці, якую перажылі і перажываюць тысячы беларусаў.
Выстава „Нічога асабліва новага“ прадстаўляе асабістыя рэчы палітвязьняў, перададзеныя ў калекцыю музэю: штодзённыя побытавыя прадметы — маўклівыя сьведкі жыцьця за кратамі. Жыцьця людзей, кінутых у турмы за перакананьні, годнасьць і імкненьне да свабоды. Поруч зь імі таксама радкі зь лістоў, вершы і гукавыя запісы, зробленыя палітвязьнямі.
Выстава захоўвае іх словы і рэчы ў якасьці дакумэнтаў эпохі, а таксама як эмацыйнае сьведчаньне супраціву.



















Арыгiнал артыкула: svaboda.org