
Медалём «Няскораных» за асабістую адвагу, стойкасць і ахвярнасць у дзейнасці на карысць прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека быў узнагароджаны беларускі юрыст, адвакат, палітык і былы палітычны зняволены Максім Знак.
Крыжом Дабрасуседства быў узнагароджаны шведскі палітык, дэпутат Рыксдага, член Камітэта па абароне, Ваеннай дэлегацыі, дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі НАТА і кіраўнік шведскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ Б’ёрн Олаф Сёдэр.
Пасля цырымоніі мы правялі для спадара Сёдэра экскурсію па выставе «Дэпатрыяцыя», а затым пазнаёмілі з экспазіцыяй Святлану Ціханоўскую.
Асаблівае ўражанне на палітыкаў зрабілі спаленыя бюлетэні і значок «16» - адзін з сімвалаў «джынсавай рэвалюцыі». Падчас экскурсіі спадар Сёдэр задаваў шмат пытанняў пра гісторыю рэжыму Лукашэнкі, яго станаўленне і пра тое, як беларусы жывуць ва ўмовах дыктатуры сёння. Напрыканцы візіту ён пакінуў словы падзякі ў кнізе водгукаў Музея.
Запрашаем і вас наведаць выставу «Дэпатрыяцыя», якая працуе ў Музеі Вольнай Беларусі да 26 чэрвеня. Таксама вы можаце запісацца на персанальную экскурсію з гісторыкам і даведацца больш пра гісторыю беларускага супраціву.
*Выстава арганізавана пры падтрымцы Belarus Beehive i Еўрапейскага Саюза





