
На гэтым тыдні былая палітзняволеная і актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк перадала ў Музей Вольнай Беларусі арыгінальныя бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.


Іх спрабавалі спаліць у адной з берасцейскіх качагарак 10-11 жніўня, адразу пасля выбараў, парушаючы ўсе магчымыя законы і правілы. Берасцейскія актывісты здолелі выцягнуць кучу бюлетэняў з агню і перадалі іх Паліне Шарэндзе-Панасюк. Падчас турэмнага зняволення Паліны Шарэнды-Панасюк за праваабарончую і грамадзянскую дзейнасць, бюлетэні заставаліся схаванымі на тэрыторыі Беларусі. Толькі пасля выезду за мяжу ёй удалося забяспечыць іх вываз у Варшаву.


20 бюлетэняў сталі новымі экспанатамі Музея Вольнай Беларусі. Гэта прамыя сведчанні фальсіфікацый і маштабнага падману беларускага народа ў самы ключавы час яго сучаснай гісторыі, калі менавіта праўда мела вырашальнае значэнне і змяняла наша жыццё.
