Музею Вольнай Беларусі – 4 гады

Icon
July 17, 2026
News Main Image

17 ліпеня 2022 года Музей Вольнай Беларусі адкрыў свае дзверы ў Варшаве.

За гэты час музей разам з партнёрамі рэалізаваў дзясяткі выставачных праектаў, канцэртаў, тэатральных імпрэз, дзіцячых праграм, адукацыйных сустрэч, дыскусій і круглых сталоў.Наша музейная калекцыя папоўнілася амаль 700 артэфактамі, а архіў – тысячамі лічбавых сведчанняў, якія захоўваюць памяць пра падзеі найноўшай беларускай гісторыі.Да свайго 4-годдзя Музей Вольнай Беларусі падыходзіць у статусе намінанта на прэстыжную еўрапейскую музейную прэмію. Мы трапілі ў лонг-ліст Прэміі «Еўрапейскі музей года» і Музейнага прыза Савета Еўропы (EMYA-2027) і чакаем далейшых вынікаў.І гэта не ўсе прыемныя навіны!

Па замове музея Пошта Польшчы выдала калекцыйныя паштовыя маркі з выявамі знакавых прадметаў з нашага фонду. Маркі надрукаваныя вельмі абмежаваным накладам, кожная з іх існуе толькі ў некалькіх экзэмплярах.У Дзень народзінаў Музей Вольнай Беларусі дае старт дабрачыннаму аўкцыёну. Для сяброў і прыхільнікаў музея мы выстаўляем лот з трох камплектаў музейных марак з асабістымі подпісамі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага і Святланы Алексіевіч, а таксама вядомага мецэната, нашчадка славутага княжацкага роду Мацея Радзівіла.Удзельнічаць у аўкцыёне можна да 30 ліпеня. Усе сродкі, сабраныя падчас аўкцыёну, будуць накіраваныя на далейшую працу музея – набыццё новых артэфактаў і стварэнне выстаў.

Спасылка на аўкцыён:

https://www.ebay.pl/itm/358802729073

Калі вы хочаце павіншаваць музей з чатырохгоддзем і падтрымаць нашу працу – пакіньце данат па спасылцы:

https://freebelarus.museum/donations.

А яшчэ выдатным падарункам для музея будзе артэфакт з вашай асабістай гісторыяй! Калі ў вас ёсць тое, што можа расказаць аб вашым удзеле ў важных для краіны грамадска-палітычных падзеях - прыносьце, перадавайце, расказвайце!

Мы ўсё яшчэ не дома. Але разам працягваем захоўваць тое, што не павінна знікнуць.

Мы глыбока ўдзячныя кожнаму і кожнай, хто падтрымлівае Музей Вольнай Беларусі!

А ў Дзень народзінаў ваша ўвага асабліва прыемна!