
9 жніўня спаўняецца шэсць гадоў з дня выбараў 2020 года — падзеі, якая назаўсёды змяніла гісторыю Беларусі. Да гэтай даты Музей Вольнай Беларусі рыхтуе выставу «2020: Гаворыць Мінск» і запрашае вас стаць яе суаўтарамі.
Мы хочам аднавіць атмасферу таго жніўня: усеагульную салідарнасць, надзею і адчуванне, што менавіта тут і цяпер адбываюцца лёсавызначальныя падзеі і што мы - менавіта тыя, хто здольны змяніць ход гісторыі.
Лунаючыя бел-чырвона-белыя сцягі сталі адным з галоўных сімвалаў таго часу. Іх неслі на маршах і акцыях, вывешвалі на балконах, у вокнах, на фасадах дамоў і ў дварах. А потым мы хавалі іх падчас ператрусаў, вывозілі з сабой у эміграцыю і да гэтага беражліва захоўваем як памяць пра тыя дні.
Да нашага праекту «2020: Гаворыць Мінск» мы збіраем бел-чырвона-белыя сцягі з назвамі мінскіх раёнаў і вуліц - самаробныя і самашытыя, вялікія і маленькія, самыя розныя, бо кожны з іх захоўвае сваю гісторыю людзей, якія не баяліся быць разам і верылі ў перамены.
Калі ў вас ёсць такі сцяг, які быў з вамі ў 2020 годзе, які вам удалося захаваць і вывезці ў эміграцыю, будзем удзячныя, калі вы даверыце яго музею. Дзякуючы вашай дапамозе мы ўзмацнім выставу арыгінальнымі артэфактамі нашай гісторыі.
Вы можаце перадаць сцяг у калекцыю музея або пакінуць яго на часовае захоўванне. Пасля завяршэння выставы мы абавязкова вернем яго вам. Таксама мы можам абмеркаваць з вамі магчымасці вырабу рэплікі вашага сцягу. Ваш удзел у праекце можа быць публічным ці ананімным (па вашаму жаданню).
Калі ў вас ёсць пытанні, напішыце нам у асабістыя паведамленні або на электронную пошту freebelarusmuseum@gmail.com, патэлефануйце па нумары +48 888 617 137 ці наўпрост завітайце ў музей па адрасе:
Foksal 11/1, Warszawa
Час працы:
аўторак — пятніца: 16:00–20:00
субота — нядзеля: 12:00–20:00
Мы чакаем вашых прапаноў да 26 ліпеня. Загадзя шчыра дзякуем!