Музей Вольнай Беларусі, які працуе ў Варшаве, адзначае тры гады з часу заснавання. Падчас святкаванняў адкрылася выстава «Fragmenty» (Фрагменты — рус.), 18 ліпеня ўвечары плануецца канцэрт з удзелам беларускіх музыкаў — Уладзіміра Пугача, этна-электра-гурта Kriwi і інды-поп дуэта Zui.
На ўрачыстае адкрыццё выставы запрасілі сяброў музею, прадстаўнікоў мясцовых уладаў.
«У музеі сабрана амаль 300 артэфактаў, а на выставе прадстаўлена іх невялікая частка – гэта толькі фрагменты фонду. Аднак кожная рэч, кожны экспанат у гэтай экспазіцыі — гэта гісторыя асобнага беларуса ці беларускі, якія выбралі для сябе нялёгкі шлях да волі, — сказала на адкрыцці дырэктарка музея Наталля Задзяркоўская. — Хоць нам споўнілася тры гады на гэтай пляцоўцы, аднак ідэя стварэння музея ўзнікла крыху раней у камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў 2021 годзе, калі стала зразумела, што тое, што з намі адбываецца, трэба фіксаваць».
«Музей не дазваляе забыцца на ахвяры, — мяркуе кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. — Ён стаў месцам, дзе самы вялікі ў сучаснай гісторыі рух беларусаў за свабоду не проста фіксуецца, а працягвае жыць».
Музей Вольнай Беларусі – некамерцыйная ўстанова, таму мае патрэбу ў падтрымцы. Прагучалі словы ўдзячнасці мэрыі Варшавы, амбасадзе Каралеўства Нідэрландаў у Польшчы, Мацею Радзівілу і яго фундацыі «Тры трубы» за падтрымку музея і ўсёй беларускай культуры ў выгнанні.
Дырэктар Нацыянальнага Цэнтра культуры Роберт Пяскоўскі, установы, якая падтрымлівае незалежных творцаў з Беларусі, нагадаў, што палякі добра разумеюць «сілу мастацтва, створанага ў эміграцыі, на выгнанні».
Напрыканцы ўрачыстай часткі Музей Вольнай Беларусі атрымаў новы экспанат: экс-кандыдат у Прэзідэнты Беларусі і канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч і гісторык Павел Казанецкі перадалі вялізную папку дакументаў і візуальных матэрыялаў з прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Аб‘яднаным дэмакратычным кандыдатам стаў тады Сямён Домаш.
Тры сцяны галоўнай залы музея былі пафарбаваныя ў бела-чырвона-белыя колеры, атрымаўся вялікі разгорнуты сцяг, які, нібы тэатральная заслона, атачаў экспазіцыю. Выстава была выбудавана незвычайна: рознага кшталту экспанаты – ад маленькай гумавай кулі, якую дасталі з цела пратэстоўца, да трафейнага адзення расійскага салдата, былі размешчаны на вялікіх (адзін квадратны метр у плане) подыумах рознай вышыні.
«Мы доўга выбіралі артэфакты на выставу. Хацелі паказаць большую колькасць рэчаў, аднак мастакі, што рабілі экспазіцыю, настаялі на невялікай іх колькасці. У выніку на выставе 14 прадметаў. Так атрымалася паказаць іх адметным чынам», — патлумачыла reform.news Наталля Задзяркоўская.
Праз абраныя прадметы стваральнікі экспазіцыі імкнуліся паказаць тыя этапы, праз якія праходзілі і праходзяць беларусы. Так на выставе з‘явіліся рэчы падзей 2020-га: барабаны ўдзельнікаў пратэстаў; разбіты тэлефон; фарба і пэндзаль Рамана Бандарэнкі; сцяг з імёнамі беларускіх палітвязняў; майкі з выявамі сына, перададзеныя жанчыне ў турму, бо фотаздымкі забаранялі; адзежа палітзняволеных; ліст Алеся Пушкіна з аўтапартрэтам; паліто са стужкамі колераў украінскага сцяга, у якім жанчына выйшла на пратэст супраць нападзення Расіі на Украіну; зламаныя нажніцы з горада Балоньі, з дапамогай якіх пакавалі гуманітарную дапамогу для ўцекачоў з Беларусі і Украіны; пакет з пазыўнымі Міраслава Лазоўскага і трыма бярозавымі лістамі (у гэтым пакеце перадалі рэчы загінулага ваяра); трафеі вайны – каска і бронекамізэлька расійскіх салдат.
Ідэя мастакоў была ў тым, каб падкрэсліць кожны прадмет, таму што пра кожны прадмет можна расказаць асобную гісторыю.
Дызайнеры выставы Аляксандр Адамаў і Дар‘я А. расказалі, што такая нейтральная прэзентацыя артэфактаў, што нечым нагадвае раскладку прадметаў з месца злачынства ці археалагічных знаходак, спрыяе таму, што на кожным артэфакце можна ўтрымаць фокус глядацкай увагі.
Адасобленасць узмацняе вобразнасць кожнага прадмета, і кожны чалавек, уваходзячы ў гэтую канструкцыю з розных бакоў, можа скласці для сябе сваю ўласную гісторыю.
Калекцыя музея між тым працягвае папаўняцца. На прэзентацыі ўстановы на фестывалі Tutaka былая палітзняволеная Вольга Такарчук перадала ў фонды ліст, які яна напісала сабе з турмы на волю.