Музей Вольнай Беларусі: што мы змяняем паводле вашых пажаданняў

Icon
October 15, 2026
News Main Image

У першай палове 2026 года Музей Вольнай Беларусі правёў даследаванне аўдыторыі, каб лепш зразумець вашыя інтарэсы, патрэбы і чаканні ад музея. Цяпер мы хочам падзяліцца тым, што паказала даследаванне, і расказаць, як улічваем вашыя пажаданні ў нашай працы.

Ва ўмовах апытання ўзялі ўдзел 50 чалавек: 37 рэспандэнтаў запоўнілі анкету анлайн, яшчэ 13 наведвальнікаў адказалі на пытанні непасрэдна ў музеі. Мы пыталіся пра найбольш цікавыя фарматы мерапрыемстваў, досвед наведвання музея, камунікацыю і тое, што, на вашу думку, варта палепшыць.

Адно з галоўных назіранняў — вакол музея ўжо сфармавалася моцная і лаяльная супольнасць. Для нас важна не толькі дзяліцца з вамі гісторыямі і артэфактамі, але і чуць вашыя меркаванні, улічваць іх і развіваць музей разам з вамі.

Выставы і праекты на важныя для вас тэмы

Вы адзначалі, што вам важна бачыць у музеі выставы і праекты, прысвечаныя рэпрэсіям, найноўшай гісторыі Беларусі, міграцыі і нацыянальнай ідэнтычнасці. Мы імкнемся працаваць з гэтымі тэмамі, захоўваць сведчанні сучаснай гісторыі і ствараць прастору для іх асэнсавання і абмеркавання.

Пастаянная экспазіцыя: «Кропка ўваходу»

Сярод вашых пажаданняў асабліва вылучалася стварэнне пастаяннай экспазіцыі. Мы ўжо працуем у гэтым кірунку: у музеі з'явілася асобная зала «Кропка ўваходу», дзе мы прадстаўляем найноўшыя паступленні ў музейную калекцыю.

Калекцыя Музея Вольнай Беларусі працягвае расці, і сёння яна налічвае больш за 800 прадметаў. Кожны з іх — частка гісторыі, якую важна захаваць і перадаць наступным пакаленням. Экспазіцыя дазваляе рэгулярна знаёміць наведвальнікаў з новымі артэфактамі і паказваць, як папаўняюцца музейныя фонды.

Святло, якое дапамагае ўспрымаць выставу

Вы таксама звярталі ўвагу на важнасць асвятлення ў выставачнай прасторы. Мы працуем над гэтым разам з прафесійным асвятляльнікам: для кожнага праекта падбіраем светлавыя рашэнні з улікам яго асаблівасцяў, каб святло дапамагала раскрыць экспанаты, падкрэсліць атмасферу выставы і зрабіць знаёмства з ёй больш поўным.

Камунікацыя з вамі

Яшчэ адзін важны кірунак — своечасовая і зразумелая інфармацыя пра жыццё музея. Мы стараемся рэгулярна камунікаваць з вамі ў сацыяльных сетках і на сайце, аператыўна публікаваць анонсы мерапрыемстваў, інфармацыю пра выставы і іншыя навіны.

Для нас важна, каб вы маглі лёгка даведацца, што адбываецца ў музеі, спланаваць візіт і заставацца ў кантакце з нашай супольнасцю.

Даследаванне аўдыторыі дапамагло нам лепш зразумець, што для вас важна, і вызначыць кірункі далейшага развіцця. Мы разумеем, што не ўсе змены адбываюцца адразу, але працягваем працаваць над тым, каб музей быў адкрытай, сучаснай і ўважлівай да сваіх наведвальнікаў прасторай.

Дзякуем кожнаму, хто знайшоў час адказаць на пытанні і падзяліцца сваімі думкамі. Вашая зваротная сувязь дапамагае нам развівацца і ствараць музей разам з вамі.

*Праект рэалізуецца ў межах праграмы ArtPower Belarus пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.