17 ліпеня а 19:00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца адкрыццё выставы «Fragmenty», а 18 ліпеня а 19:00 — канцэрт салідарнасці ў дворыку музея з удзелам беларускіх гуртоў і выканаўцаў Zui, Kriwi і Уладзіміра Пугача. Абедзве падзеі прымеркаваныя да трохгоддзя музея — прасторы памяці, якая з 2022 года збірае і асэнсоўвае гісторыю беларускай барацьбы праз экспанаты, мастацтва і асабістыя сведчанні.
За тры гады Музей Вольнай Беларусі ператварыўся з ідэі ў паўнавартасную інстытуцыю з выразнай місіяй і значнай роляй у грамадстве. Ён захоўвае і прадстаўляе тое, што часта застаецца невідочным: асабістыя рэчы, дакументы, мастацкія жэсты, матэрыялы з вуліц, турмаў і жыцця пасля 2020 года. Калекцыя музея ўключае таксама прадметы з іншых перыядаў беларускай гісторыі, перададзеныя мецэнатамі, культурнымі дзеячамі, калекцыянерамі і сведкамі падзей. Больш за 250 экспанатаў, звыш 100 культурніцкіх мерапрыемстваў штогод, тысячы наведвальнікаў і дзясяткі партнёрскіх ініцыятыў робяць музей жывой прасторай, якая развіваецца разам з людзьмі.
Канцэрт 18 ліпеня прадставіць беларускую музыку ў яе сучасным гучанні. Музыка Zui аб’ядноўвае інды-поп і электроніку з эмацыйнай выразнасцю, а Kriwi спалучаюць аўтэнтычныя народныя інструменты з сучаснай электронікай і візуальнымі эфектамі, ствараючы адметныя фолк-эксперыменты. Уладзімір Пугач прадставіць акустычную праграму — адкрытую і эмацыйную, з рытмам сённяшняга дня. Канцэрт адбудзецца ва ўтульным дворыку Музея, дзе госці змогуць паслухаць музыку, сустрэцца з сябрамі і падтрымаць тых, хто працягвае ствараць і дзейнічаць.
Музей Вольнай Беларусі працягвае развівацца разам з людзьмі, для людзей і сярод людзей. Гэта толькі пачатак вялікага шляху.
Мерапрыемствы арганізаваны ў межах праекта «Kreatywna prezentacja Muzeum Wolnej Białorusi dla społeczności artystycznej i mieszkańców Warszawy», суфінансаванага мэрыяй Варшавы і пры падтрымцы Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве і дабрачыннага фонду «Trzy Trąby».
Музей адкрыты для наведвання:
аўторнік — пятніца: 16:00–20:00
субота — нядзеля: 12:00–20:00
Адрас: ul. Foksal 11, Варшава