Калі маўчаць рэчы: выстава, што адкрывае голас беларускіх палітвязняў

Icon
May 15, 2025
News Main Image

«Нічога асабліва новага» — гэта фраза, якая часта сустракаецца ў лістах беларускіх палітвязняў. За гэтымі словамі — спроба не турбаваць блізкіх, схаваць боль і руціну зняволення. Але менавіта гэтая знешняя будзённасць і становіцца сведчаннем сістэмнай несправядлівасці, якую перажылі і перажываюць тысячы беларусаў.

Выстава «Нічога асабліва новага» прадставіць арыгінальныя асабістыя рэчы палітвязняў, перададзеныя ў калекцыю музея: штодзённыя побытавыя прадметы, якія сталі маўклівымі сведкамі жыцця за кратамі. Жыцця людзей, кінутых у турмы за праўду, годнасць і імкненне да свабоды. Поруч з імі — радкі з лістоў, вершы і гукавыя запісы, зробленыя самімі палітвязнямі. Выстава захоўвае іх словы і рэчы як дакумент эпохі, але таксама як эмацыйнае сведчанне супраціву.

Але гэта выстава не толькі дакументуе. Яна расказвае. І яе расповед пра людзей, якім хацелася б абняць сваіх родных і сказаць ім: «Усё добра, я дома». Але якія пакуль вымушаны пісаць: «Нічога асабліва новага».

Выстава створана дзеля іх — беларускіх палітвязняў. І для кожнага з нас — хто хоча ведаць і памятаць, сведчыць і падтрымліваць. Для тых, хто хоча разумець. І для тых, хто верыць, што салідарнасць мае сілу.

Запрашаем 21 мая на адкрыццё выставы — у Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Каб праглядзець экспазіцыю, пачуць галасы палітвязняў і адчуць сябе часткай моцнага супольнага руху за іх вызваленне.

Арыгiнал артыкула: НАУ

Чытаць яшчэ