Белсат: «Мне вельмі бракуе беларускага срэбра…» У Варшаве адкрылася выстава жывапісу Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць»

Icon
лістапада 18, 2026
News Main Image

«Мне вельмі бракуе беларускага срэбра…» У Варшаве адкрылася выстава жывапісу Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць»

18.11.2026, 13:30

img

Адкрыццё выставы беларускай мастачкі Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 17 лістапада 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

17 лістапада ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава жывапісу мастачкі Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць». Гэта супольны праект мастачкі, якая жыве ў Італіі, і вядомага беларускага актора Аляксандра Ждановіча. Святло і колеры Італіі ў ім дзіўным чынам яднаюцца з болем і памяццю пра Беларусь. «Мне бракуе беларускага срэбра», – прызнаецца мастачка. «Белсат» пабываў на вернісажы.

Беларуска Вольга Сіліванчык прывезла ў лістападаўскую Варшаву цэлы россып італьянскага святла і цеплыні. З подыхам марскога брызу і джазам, які далятае з прыбярэжных кавярняў.

,,

Усё гэта можа троху ап'яняць (італьянскае віно, якое прапануюць на вернісажы, тут ні пры чым). Таму, каб не адрывацца ад рэчаіснасці, варта пачаць з невялікага «Аўтапартрэту», напісанага ў 2022 годзе (мастачка ў белым капелюшы), які месціцца якраз на раздарожжы двух сусветаў, прэзентаваных Сіліванчык, – святла і адчувальнасці.

Святло – гэта больш за паўсотню гарадскіх і марскіх пейзажаў, партрэтаў і нацюрмортаў з Італіі.

Адчувальнасць – пратэставыя плакаты, мастацкія інсталяцыі і партрэты беларускіх палітвязняў і пратэстоўцаў, створаныя пасля 2020 года ў межах праекту «Голас надзеі».

Гэтыя два сусветы падзеленыя сцяной (размяшчаюцца ў асобных залах музею), але злучаюцца ў асобе і творчасці мастачкі, як мост злучае сабой два берагі «паміж рэальнасцю і марай».

foto

Адкрыццё выставы беларускай мастачкі Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 17 лістапада 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Галоўны герой яе карцінаў – святло»

«Асноўнай мастацкай манерай Вольгі заўсёды была не халодная фіксацыя ці інтэлектуальная гульня, а непасрэднасць і эмацыйнасць. І тут, сярод дахаў, вуліц, вулачак і вокнаў Рыму, асветленых італійскім сонцам, яна знаходзіць галоўнага героя сваіх карцін – гэтае святло, святло як мост паміж рэальнасцю і марай, святло як абуджэнне палатна ад доўгага сну, святло як паэзія, якую не проста бачыць вока, а адчувае сэрца», – распавядае голасам Аляксандра Ждановіча светлавы прамень, які перамяшчаецца ў цемры з адной карціны на іншую, падчас прэзентацыйнага перформансу, зладжанага арганізатарамі выставы.

Боль і надзею можна спалучыць толькі святлом. А як інакш?

,,

«Мне падаецца, што можна памятаць пра тое, што адбываецца на радзіме, і трымаць у сабе боль і ў той жа час – не губляць надзеі, не губляць святла, не губляць добрага стаўлення да людзей, якія знаходзяцца вакол нас», – ужо жыўцом прамаўляў на адкрыцці выставы актор і суаўтар праекту Аляксандр Ждановіч, якога сама мастачка назвала на прэзентацыі «самым адданым прыхільнікам і самым строгім крытыкам» яе жывапісу, «партнёрам і напарнікам».

У межах праекту «Святло-Адчувальнасць» запланаваныя тры мастацка-тэатральныя лабараторыі для дзяцей і дарослых, якія 21 і 22 лістапада правядуць Вольга Сіліванчык і Аляксандр Ждановіч.

«Бо нам вельмі хацелася б, каб прастора Музею вольнай Беларусі на гэтыя два тыдні была не проста месцам, дзе вісяць такія прыгожыя, але маўклівыя карціны, а каб маленькія і дарослыя беларусы сустракаліся і ўзгадвалі, што кожны чалавек – гэта творца, кожны чалавек – гэта мастак, актор. Што кожны чалавек – гэта той, хто стварае», – тлумачыў на адкрыцці выставы Аляксандр Ждановіч.

«Варшава мне вельмі нагадвае Менск»

Мастачка Вольга Сіліванчык з'ехала з Беларусі ў 2013 годзе. У размове з «Белсатам» яна прызнаецца, што рашэнне пакінуць радзіму пачало наспяваць яшчэ ў 2010 годзе – пасля падзеяў Плошчы па выбарах. Галоўны матыў быў – абараніць сына ад прызыву ў беларускую армію.

«Ну і я бачыла, што чакае мяне, калі застануся: бясконцая праца ў дзяржаўнай школе і наступная выбарчая кампанія. А я пасля вучэльні імя Глебава выкладала жывапіс і малюнак у сярэдняй школе № 41 з мастацкім ухілам у Менску. Цудоўная школа, але – у сістэме. І неяк усё супала: зʼявіліся беларускія сябры, якія вельмі любілі Італію, потым – сябры, якія жылі там. Я прыняла рашэнне паехаць…» – распавядае Вольга Сіліванчык.

foto

Адкрыццё выставы беларускай мастачкі Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 17 лістапада 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Сёння мастачка жыве ў маленькім рыбацкім пасёлку за 30 кіламетраў ад Рыму і піша на пленэрах мора, якое дапамагло ёй калісьці выйсці з крызісу ў асабістым жыцці, чаўны, партрэты рыбакоў і пяшчотнае святло марскога ўзбярэжжа, з якім дзеліцца ў варшаўскай прасторы «Святла-Адчувальнасці».

Большасць яе працаў – невялікага фармату, як, напрыклад, упадабаныя намі «Лодачкі» (20 x 13 см) ці «Рымская вулачка» (19 x 8 см). Як тлумачыць мастачка, такі маленькі фармат вельмі зручны і «мабільны», калі пішаш на пленэры, і заўважае, што калекцыю акурат такіх невялікіх карцінаў было не вельмі цяжка пераправіць у Варшаву.

Дарэчы, што да Варшавы, то Аляксандр Ждановіч намякаў у сваім выступе, што мастачка перабярэцца ў Варшаву.

«Ведалі б вы, як любяць Вольгу ў Італіі! Я спадзяюся, што тут, у Варшаве, яе таксама палюбяць. Бо мы думаем пра тое, каб у перспектыве мастачка Вольга Сіліванчык, акрамя сонечных італьянскіх пейзажаў, паспрабавала пісаць і варшаўскія. Варшава ж таксама цудоўная, праўда?» – пытаўся з усмешкай Ждановіч.

«Гэта такое пытанне… Мы цяпер над ім разважаем. Бо вельмі шмат праблемаў з дакументамі. Але Варшава мне падабаецца. Яна мне вельмі нагадвае Менск. А я не была ў ім ужо 13 гадоў, таму Варшава для мяне – як вяртанне», – адказвае Вольга Сіліванчык, калі мы пытаемся, ці сапраўды яна пераедзе з Італіі ў польскую сталіцу.

foto

Адкрыццё выставы беларускай мастачкі Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 17 лістапада 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Усё залежыць ад таго, якое святло ты нясеш унутры сябе»

«Вольга, вы гулялі сёння па туманнай Варшаве, прасякліся яе атмасферай. Чым варшаўскае святло адрозніваецца ад рымскага – італьянскага?» – пытаемся ў аўтаркі «Святла-Адчувальнасці».

«Я думаю – нічым. Усё залежыць ад таго, якое святло ты нясеш унутры сябе», – кажа мастачка і задумваецца.

«Але каларыт месца ўплывае, канешне, на тваю палітру. Італія – гэта яркія кантрасты, адкрытыя колеры, у якіх хаваецца энергія, нават – магутнасць. А нашыя беларускія пейзажы – гэта, як я кажу, шэранькі беларускі каларыт». Але ж гэта ў той жа час – і срэбра. І хачу сказаць, што мне вельмі бракуе ў Італіі гэтага беларускага срэбра, гэтага «шэранькага каларыту», гэтага спакойнага асвятлення. У гэтым – прыгажосць», – прызнаецца нам Вольга Сіліванчык.

foto

Адкрыццё выставы беларускай мастачкі Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць» у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 17 лістапада 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Вольга Сіліванчык – беларуская мастачка і педагог. Скончыла мастацкую вучэльню імя Глебава ў Менску. Жыве і працуе ў Італіі. Удзельніца мастацкіх аб'яднанняў 100 Pittori di Via Margutta і Art Studio Tre. Лаўрэатка мастацкіх конкурсаў і прэміяў, аўтарка творчых і адукацыйных праектаў. У цэнтры ейнага творчага метаду – праца з натуры, увага да імгненнага ўражання і атмасферы.

Выстава жывапісу Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць» адкрытая для наведвання ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве да 30 лістапада.

Зміцер Міраш belsat.eu

Чытаць яшчэ