Збор на Gronka: святочная Ялінка для дзяцей палітвязняў і добраахвотнікаў

Icon
November 1, 2026
News Main Image
Сябры! Мы запусцілі на Gronka збор на добрую справу! Сёлета ў Музеі Вольнай Беларусі пройдзе святочная Ялінка для дзяцей палітвязняў і добраахвотнікаў.
Цяпер лістапад. Да Калядаў яшчэ ёсць час, гірлянды ў крамах толькі з'яўляюцца. Але менавіта цяпер вырашаецца, ці будзе ў 50 дзяцей у снежні свята з падарункам.

Хто гэтыя дзеці?

Іх бацькі — беларускія палітвязні і добраахвотнікі. У кагосьці тата ці мама за кратамі, у кагосьці — далёка, на вайне за свабоду. Гэтыя дзеці вельмі рана даведаліся, што такое чакаць. Таму святочныя дні для іх асабліва важныя.

Што такое «Навагодняя Ялінка»?

Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве збірае дзяцей, каб разам сустрэць Каляды і Новы год. На іх чакаюць казачныя героі, карагод, песні па-беларуску, салодкі стол і падарунак, які кожнае дзіця забярэ дадому. Сёлета мы чакаем каля 50 дзяцей. Пляцоўка, праграма і артысты ўжо ёсць. Не хапае аднаго — падарункаў.

У вашых сілах зрабіць свята для аднаго маленькага чалавека

40 € — і адно канкрэтнае дзіця атрымае свой падарунак. Не атрымліваецца ахвяраваць 40 €? 10 € — гэта чвэрць падарунка. Чатыры сябры разам — і яшчэ адно дзіця з падарункам. Падзяліцеся зборам: гэта таксама ўнёсак у свята.

Чаму менавіта цяпер?

Добрыя справы не варта адкладаць да снежня. Чым раней мы збяром грошы, тым больш часу застанецца, каб выбіраць падарункі з любоўю, а не хапаць тое, што засталося на паліцах у апошні дзень. Хай сезон цудаў пачнецца ў лістападзе — і пачнецца з вас!

На што пойдуць сабраныя сродкі?

Усё сабранае пойдзе толькі на падарункі. Калі збярэм больш за мэту, запросім на Навагоднюю Ялінку больш дзяцей. Пасля свята кожны, хто падтрымаў збор, атрымае справаздачу: колькі сабралі і што купілі.
Фізічныя ўзнагароды можна забраць у Музеі Вольнай Беларусі (Варшава, ul. Foksal 11). Калі вам не патрэбны прыз, напішыце нам!
Дапамажыце нам купіць падарункі, каб свята было па-сапраўднаму чароўным! Мы прадугледзелі падзякі і ўзнагароды для тых, хто дапаможа арганізаваць свята.

Падтрымаць збор: https://gronka.org/#/causes/recCp3p9MyEdNgd1a

‍