Выстава «Беларусы з Украінай у сэрцы»: мастацтва і салідарнасць на фоне вайны

Icon
October 31, 2026
News Main Image
Як выглядае вайна вачыма мастакоў, якія апынуліся побач з лініяй фронту? Пра гэта расказвае выстава «Беларусы з Украінай у сэрцы», якая адкрылася 31 кастрычніка ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве.
У лістападзе 2015 года беларускія мастакі з суполкі «Пагоня» Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў, Алесь Суша і Андрэй Такінданг разам з украінскім мастаком Тарасам Носарам адправіліся ў пасёлак Пяскі на Данеччыне, непадалёк ад Данецка і Данецкага аэрапорта. У той час гэты раён знаходзіўся паблізу лініі фронту. Падчас мастацкага пленэру мастакі стваралі працы ва ўмовах вайны, фіксуючы рэальнасць, якая разгортвалася вакол іх.
Сёння гэтыя карціны — не толькі мастацкія творы, але і сведчанні часу, калі беларусы выказвалі сваю падтрымку Украіне не толькі словамі, але і ўласнай прысутнасцю.
Экспазіцыю дапоўняць рэпартаж пра пленэр у Пясках і артэфакты, звязаныя з тым перыядам: асабістыя рэчы, знойдзеныя ў разбуранай школе.
Адначасова Музей Вольнай Беларусі падрыхтаваў абнаўленне фондавай экспазіцыі «Кропка ўваходу». Новая калекцыя прадметаў прысвечана беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны. Праз асабістыя рэчы і іншыя артэфакты музей працягвае расказваць пра беларусаў, для якіх салідарнасць з Украінай стала асабістым выбарам і дзеяннем.
‍

31 кастрычніка — 12 лістапада 2026 года

Месца: Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11/1, Варшава

Уваход вольны

‍