Прэзентацыя новага беларускага календара ў Музеі Вольнай Беларусі

Icon
January 27, 2026
News Main Image

27 студзеня 2026 года а 18:00 у Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца прэзентацыя новага беларускага календара — праекта, падрыхтаванага Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні.

Каляндар прапануе паглядзець на год як на адлюстраванне беларускай гісторыі, калектыўнага досведу і супольных сэнсаў. Ён аб’ядноўвае памятныя даты, якія доўгі час заставаліся па-за ўвагай, а таксама падзеі найноўшага перыяду беларускай гісторыі, у тым ліку пасля 2020 года.

Падчас прэзентацыі Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, распавядзе, чаму дэмакратычныя сілы звярнуліся да ідэі стварэння новага нацыянальнага календара і навошта сёння беларусам патрэбны перагляд звыклых і нязвыклых дат. Асобная ўвага будзе нададзеная пытанням памяці, ідэнтычнасці і спосабам асэнсавання гістарычных падзей.

У дыскусіі на тэму нацыянальнага календара таксама возьмуць удзел Вячаслаў Барок, Аляксей Ластоўскі, Алена Ляшкевіч, Алесь Плотка, Ірына Сідорская, Наста Ільіна ды іншыя ўдзельнікі.

Асобнае месца ў календары займаюць даты, звязаныя з культурнымі і духоўнымі традыцыямі, а таксама важныя міжнародныя падзеі, якія ўплывалі і працягваюць уплываць на Беларусь і свет. Праект запрашае да роздуму над складанымі і дыскусійнымі тэмамі — у тым ліку над тым, як мы называем і перажываем падзеі Другой сусветнай вайны, што для нас азначаюць паняцці перамогі і памяці, калі і чаму мы адзначаем Дзень незалежнасці.

Падчас прэзентацыі госці змогуць не толькі пазнаёміцца з праектам календара, але і далучыцца да адкрытай размовы, задаць пытанні і падзяліцца ўласным поглядам.

Калі: 27 студзеня 2026 года, 18:00

Дзе: Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11, Варшава

Арганізатар: Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні