
З 1 да 17 верасня ў Музеі Вольнай Беларусі пройдзе другая эдыцыя фестывалю «Нямая ліхаманка» — серыя паказаў прызнаных шэдэўраў і малавядомых стужак эпохі нямога кіно ў суправаджэнні жывой музыкі.
На працягу чатырох вечароў пад адкрытым небам у дворыку пры Музеі Вольнай Беларусі і Цэнтры думкі Яна Паўла II гледачы змогуць убачыць фільмы з ЗША, Францыі, Нямеччыны і Беларусі.
У праграме — камедыя Бастэра Кітана «Кінааператар», адзін з найвялікшых фільмаў у гісторыі кіно «Пакуты Жанны д’Арк» Карла Тэадара Драера, культавы «Кабінет доктара Калігары» Робэрта Вінэ і беларуская стужка «Суд павінен працягвацца», прысвечаная тэме жаночай эмансіпацыі.
Адмысловую музыку да фільмаў напісалі беларускія кампазітары Вольга Падгайская і Канстанцін Яськоў, а таксама польская кампазітарка Александра Хмелеўска. Фільм адкрыцця будзе паказаны ў суправаджэнні класічнага тапёра — беларускага піяніста-віртуоза Канстанціна Гарачага, сузаснавальніка джазавага гурта Apple Tea.
Першая камедыя легендарнага Бастэра Кітана, знятая для студыі Metro-Goldwyn-Mayer. Стужка расказвае гісторыю маладога чалавека, які намагаецца ўладкавацца кінааператарам на MGM, каб быць бліжэй да дзяўчыны, у якую закаханы.
Рэжысёры: Бастэр Кітан, Эдўард Сэджўік
Тапёр: Канстанцін Гарачы — фартэпіяна
Працягласць: 70 хвілін
Адзін з найвялікшых фільмаў у гісторыі нямога кіно. Дацкі рэжысёр Карл Тэадар Драер паказвае апошнія дні жыцця Жанны д’Арк. На фестывалі будзе прадстаўленая версія ў арыгінальным мантажы, якая доўгі час лічылася страчанай і была знойдзеная ў 1981 годзе ў Осла.
Рэжысёр: Карл Тэадар Драер
Кампазітар: Канстанцін Яськоў
Выканаўцы: Канстанцін Яськоў — фартэпіяна, Паліна Горбач — віяланчэль
Працягласць: 80 хвілін
Культавы твор нямецкага экспрэсіянізму і адзін з найбольш уплывовых фільмаў у гісторыі сусветнага кіно. Таямнічы гіпнатызёр прыбывае ў невялікі горад разам з Самнамбулам, пасля чаго адна смерць становіцца пачаткам серыі таямнічых забойстваў.
Рэжысёр: Робэрт Вінэ
Кампазітарка: Вольга Падгайская
Выканаўцы: Вольга Падгайская — арган, Кузьма Папакуль — 1-я скрыпка, Анастасія Пятрова — 2-я скрыпка, Віталь Эпаў — сапрана-саксафон (Five-Storey Ensemble)
Працягласць: 75 хвілін
Адна з беларускіх стужак 1920–1930-х гадоў, прысвечаных тэме жаночай эмансіпацыі. Фільм расказвае пра судовы працэс над пяццю мужчынамі, абвінавачанымі ў згвалтаванні лабаранткі электразаводу Алены, а таксама пра яе вяртанне да працоўнага жыцця.
У кантэксце фестывалю гэты паказ сэнсава працягвае леташнюю праграму, у межах якой была прадстаўленая стужка «Прастытутка».
Рэжысёры: Яфім Дзіган, Барыс Шрэйбер
Кампазітарка: Александра Хмелеўска
Выканаўцы: Александра Хмелеўска — фартэпіяна і электроніка, Філіп Спорняк — віяланчэль
Працягласць: 63 хвіліны
«Нямыя фільмы не былі сапраўды нямымі — яны гучалі дзякуючы музыцы. Сёння эпоха нямога кіно амаль цалкам выключаная з увагі публікі, і для нас асабліва каштоўна, што на нашым фестывалі мы даем гэтым стужкам новае прачытанне і новае жыццё», — кажа арганізатарка фестывалю, кінакрытыца Ірэна Кацяловіч.
Уваход на ўсе паказы вольны.
Усе фільмы будуць суправаджацца субцітрамі на беларускай і польскай мовах.
📍 Музей Вольнай Беларусі
вул. Фоксаль, 11, Варшава
Фестываль адбываецца пры фінансавай падтрымцы фонду Trzy Trąby, German Marshall Fund of the United States (GMF), Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага і Старамейскага дома культуры, а таксама пры ўдзеле Музея Вольнай Беларусі, Цэнтру думкі Яна Паўла II — культурнай установы сталіцы Варшавы — і Беларускай незалежнай кінаакадэміі.