Сёлета памятныя мерапрыемствы Ночы (не)расстраляных паэтаў ахопяць два дні, аб’ядноўваючы мінулае і сучаснасць — трагедыю «чорнай ночы» 1937 года і падтрымку беларускіх палітвязняў, якія праходзяць праз выпрабаванні сёння.
Першы дзень, 29 кастрычніка — гэта вечар ушанавання памяці ахвяраў сталінскага тэрору: прадстаўнікоў інтэлектуальнай і творчай эліты, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, а таксама ўсіх ахвяраў савецкіх рэпрэсій. Збярэмся ў Музеі Вольнай Беларусі, каб разам узгадаць іх імёны, паслухаць мастацкі аповед «Вялікі тэрор» і вершы паэтаў у выкананні беларускіх і польскіх актораў, музыкантаў, літаратараў і палітыкаў. Завершыць вечар адкрыты мікрафон, дзе кожны ахвотны зможа далучыцца і зачытаць радкі ўлюбёных паэтаў.
Другі дзень, 30 кастрычніка — вечар салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У гэты вечар мы сустрэнемся ў X павільёне Варшаўскай цытадэлі — філіяле Muzeum Niepodległości, каб згадаць сучасных беларускіх палітвязняў і ўсіх, кінутых за краты лукашэнкаўскім рэжымам. Галоўнай падзеяй вечара стане тэатральна-музычны манаспектакль «Казкі з Замка», створаны аўтарам і рэжысёрам Андрусём Прагай падчас яго знаходжання ў мінскай следчай турме № 1 на Валадарскага. Музычнае суправаджэнне падрыхтаваў Сяржук Доўгушаў.
Запрашаем далучыцца да Ночы (не)расстраляных паэтаў і супольнага ўшанавання памяці!
🗓️ Расклад мерапрыемстваў:
• 29 кастрычніка (19:00–21:00) — Музей Вольнай Беларусі (вул. Foksal 11/1)
• 30 кастрычніка (16:00–18:00) — X павільён Варшаўскай цытадэлі, філіял Muzeum Niepodległości (вул. Skazańców 25)
Арганізатары: Музей Вольнай Беларусі і Muzeum Niepodległości.
Пры падтрымцы: Офіса Святланы Ціханоўскай, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Моладзевай Рады Музея Незалежнасці Польшчы і Fundusz Obywatelski im. Ludwiki i Henryka Wujców.