
Сёлета Музей стане адзінай беларускай пляцоўкай на Warsaw Gallery Weekend — найбуйнейшым у Цэнтральнай Еўропе фестывалі сучаснага мастацтва.
Ужо ў 16-ы раз гэты маштабны ўікенд ператворыць польскую сталіцу ў адзіную арт-платформу, якая аб’яднае дзясяткі галерэй, больш за 60 выстаў і сотні мастакоў. І мы ганарымся тым, што рэпрэзентуем беларускае сучаснае мастацтва ў межах гэтай прэстыжнай падзеі.
Менавіта тут, у Музеі Вольнай Беларусі, 18 верасня адкрыецца выстава Аляксандра Адамава «hyperMOTHER.Shared Breathing». Гэта новы праект мастака, што развіваецца як доўгатэрміновы цыкл, прысвечаны біяпалітыцы клопату, дэлегаванню цялеснасці і экзістэнцыяльнай стомленасці сучаснасці.
Неўзабаве падзелімся падрабязнасцямі пра выставу, праграму і спадарожныя падзеі. Будзьце часткай вялікага мастацтва разам з намі!
18–20 верасня 2026 (адкрыццё — 18 верасня)
Музей Вольнай Беларусі, Варшава
