Адкрыццё выставы «Дэпатрыяцыя» ў Музеі Вольнай Беларусі

Icon
June 8, 2026
News Main Image

Адкрыццё выставы «Дэпатрыяцыя» ў Музеі Вольнай Беларусі ўжо заўтра!

Хочам крыху прыадкрыць заслону над праектам і расказаць пра некалькі экспанатаў, якія нам давялося эвакуяваць.

«Дэпатрыяцыя» - гэта праект па выратаванні артэфактаў беларускай гісторыі. Рэчаў, якія ў нармальнай сітуацыі павінны былі б заставацца дома, у Беларусі. Але сёння для многіх з іх бяспечней знаходзіцца ў музеі ў Варшаве.

Сярод прадметаў, якія былі эвакуяваныя ў межах праекта:

▪️ запрашэнне на акцыю «Чарнобыльскі шлях - 96»;

▪️ брашура «Шлях у нікуды, альбо Два гады прэзідэнцтва А. Лукашэнкі», выдадзеная ў 1996 годзе;

▪️ перадвыбарчая ўлётка Станіслава Шушкевіча з прэзідэнцкай кампаніі 1994 года;

Прадметы з гістарычных 1990-х гадоў доўгі час захоўваліся ў Беларусі. Цяпер яны вымушана знаходзяцца па-за межамі краіны, каб іх можна было захаваць і паказаць людзям.

Гэта толькі некалькі прыкладаў з амаль 170 артэфактаў, якія музей атрымаў за час рэалізацыі праекта «Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі». І мы працягваем атрымліваць новыя прадметы.

Апошнія месяцы каманда музея разам з людзьмі ў Беларусі працавала над тым, каб бяспечна вывезці, задакументаваць і захаваць гэтыя сведчанні беларускай гісторыі. Паралельна ствараліся каталог «Дэпатрыяцыя» і адукацыйныя матэрыялы пра тое, як захоўваць гістарычныя артэфакты ў хатніх умовах.

З меркаванняў бяспекі многія гісторыі ўдзельнікаў праекта застануцца ананімнымі. Але іх сведчанні можна будзе ўбачыць на выставе.

Адкрыццё выставы: 9 чэрвеня, 18:00

Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11/1, Warszawa

*Гэта дзейнасць ажыццяуляецца пры падтрымцы Belarus Beehive i Еўрапейскага Саюза