
7 мая ў Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца знаёмства з беларускім перакладам кнігі «Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавіччына ў 1939—1944 гг. Заходняя Беларусь пад нямецкай і савецкай акупацыяй».
Госцем вечара стане аўтар кнігі - Аляксандр Бракель, нямецкі гісторык і палітолаг, даследчык гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.
Кніга прысвечана штодзённаму жыццю жыхароў Баранавіччыны ў адзін з самых драматычных перыядаў XX стагоддзя - пад савецкай і нацысцкай акупацыямі. На аснове дакументаў з беларускіх, нямецкіх і польскіх архіваў аўтар паказвае, як два таталітарныя рэжымы, нягледзячы на розныя ідэалогіі, неслі гвалт, тэрор і масавыя злачынствы супраць мірнага насельніцтва.
Гэта фундаментальнае даследаванне, якое істотна ўзбагачае беларускае гістарычнае крыніцазнаўства. У выданні змешчаны дзясяткі дакументаў і фотаздымкаў, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.
Калі: 7 мая, 18:00–19:30
Дзе: Музей Вольнай Беларусi
Запрашаем далучыцца да размовы пра гісторыю, памяць і досвед жыцця паміж двума таталітарнымі рэжымамі.