28 красавіка ў Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца выстава «Галасы»

Icon
April 28, 2026
News Main Image

28 красавіка ў Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца выстава «Галасы».

Яна паўстала з рэальных гісторый беларускіх палітвязняў - людзей, чые лёсы сталі адлюстраваннем досведу цэлага пакалення. Кожная інсталяцыя - гэта асобная візуальная і гукавая навела.

Чатыры гісторыі і чатыры лёсы на самой справе - гэта галасы сотняў тысяч беларусаў.

Уся выстава пабудавана на сімвалізме і метафарах.

Люстраныя паверхні - магчымасць кожнаму ўбачыць сябе на месцы тых, хто за кратамі.

Турнікеты - немагчымасць свабоднага перамяшчэння.

Неба - вобраз вечнасці, чысціні і свабоды, якую немагчыма адабраць.

Чатыры інсталяцыі - чатыры куты, дзе чалавек, даведзены да адчаю, шукае неіснуючы пяты кут і знаходзіць яго - у пятай інсталяцыі. Яна нясе святло і надзею, напамін пра тое, што нават скрозь цемру можна ўбачыць неба.

Неад’емная частка інсталяцыі - тэксты. Іх чытаюць людзі, якія пацярпелі ад рэжыму і знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. Жывыя сведкі жахаў, што адбываюцца ў Беларусі. Гэта не літаратура, а фактычна сведчанні.

Яшчэ адзін сведка - аўтар навел, пісьменнік і журналіст Сяргей Антонаў, які напісаў да выставы 4 навэлы. Накіруйце свой тэлефон на QR-код – і паслухайце гісторыю.

І калі ўжо так склалася, што турма гэта стан грамадства, то «Галасы» - гэта выстава і пра вязняў, і пра тых, хто застаецца па гэты бок кратаў. Пакуль адны чакаюць свабоды, іншыя павінны гаварыць. Праз вобразы, гук і прастору. Што і робіць мультыдысцыплінарная гродзенская мастачка Кацярына Еўдакімава, якая аб’яднала гэтай выставай галасы і лёсы розных і ў той жа час аднолькавых людзей.

Дзякуй тым, хто запісаў галасы.

Запрашаем на адкрыццё:

🗓️28 красавіка, 18.00

📍Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11/1