15 сакавіка ў Музеі Вольнай Беларусі: сустрэча па кнізе Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў Латвіі (1918—1945 гг.)»

Icon
March 15, 2026
News Main Image

15 сакавіка 2026 года ў Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца сустрэча, прысвечаная кнізе гісторыка Юрыя Грыбоўскага «Беларусы ў Латвіі (1918—1945 гг.)». Падчас размовы ўдзельнікі абмяркуюць малавядомыя старонкі беларускай гісторыі ХХ стагоддзя, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускай супольнасці ў Латвіі.

Кніга распавядае пра актыўнасць Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі, беларуска-латвійскія ўзаемадачыненні ў перыяд змагання за дзяржаўную незалежнасць Беларусі і Латвіі, а таксама пра спробы стварэння беларускіх вайсковых аддзелаў на тэрыторыі Латвіі.

Асобная ўвага ў манаграфіі надаецца развіццю беларускага культурнага і грамадскага жыцця ў міжваеннай Латвійскай Рэспубліцы. У той час у краіне дзейнічала больш за 50 беларускіх пачатковых школ, некалькі гімназій, працаваў беларускі тэатр, выдаваліся беларускія кнігі і перыядычныя выданні, існаваў актыўны маладзёвы рух, а беларускія студэнты навучаліся ў латвійскіх універсітэтах.

У кнізе таксама прадстаўлены звесткі пра дзейнасць беларускіх палітычных партый у Латвіі, працу беларускіх прадстаўнікоў у латвійскім парламенце, а таксама пра лёсы тысяч беларусаў, якія апынуліся ў Латвіі ў міжваенны час як эканамічныя эмігранты. Аўтар таксама аналізуе становішча латвійскіх беларусаў у перыяд Другой сусветнай вайны, у часы савецкай і нямецкай акупацый.

Удзельнікі сустрэчы

Яраслаў Іванюк — выдавец, кіраўнік фонда Kamunikat.org
Юры Грыбоўскі (Jerzy Grzybowski) — гісторык, прафесар, доктар габілітаваны, супрацоўнік Інстытута міжкультурных даследаванняў Цэнтральна-Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, аўтар каля 280 навуковых публікацый і 13 манаграфій
Ігар Станкевіч — гісторык

Дэталі падзеі:

🗓 15 сакавіка 2026 года (нядзеля)
🕰 14:00
📍 Музей Вольнай Беларусі
🎟 Уваход вольны, пажаданыя данаты

Запрашаем усіх зацікаўленых да ўдзелу ў размове пра беларускую гісторыю і ролю беларускай супольнасці ў Латвіі.