
Музей Вольнай Беларусі паспяхова завяршыў праект, прысвечаны лічбавізацыі і адкрытаму доступу да музейных збораў, які стаў важным крокам у развіцці музея як сучаснай культурнай і даследчай інстытуцыі.
У межах праекта была праведзена дбайная селекцыя 200 музейных экспанатаў, якія сведчаць пра сучасную гісторыю Беларусі і дэмакратычны супраціў. Усе выбраныя прадметы былі алічбаваныя ў адпаведнасці з прафесійнымі стандартамі і рэкамендацыямі экспертаў, а для кожнага экспаната падрыхтаваны поўны камплект метададзеных.
Лічбавая калекцыя з 200 экспанатаў была апублікаваная на новым сайце Музея Вольнай Беларусі і прадстаўленая на трох мовах — беларускай, польскай і англійскай. Акрамя таго, калекцыя была перададзеная ў Нацыянальны інстытут музеяў Польшчы, што дазволіла ўключыць беларускую спадчыну ў міжнародны прафесійны кантэкст.
У межах праекта музей таксама набыў ліцэнзіі на 15 аўтарскіх фатаграфій 2020 года, створаных вядомымі беларускімі фатографамі, а для часткі лічбавых копій былі падрыхтаваныя аўдыяапісанні, што зрабіла калекцыю больш даступнай для людзей з парушэннямі зроку.
Важным элементам праекта стала адукацыйная праграма. Замест запланаваных пяці было арганізавана 10 адукацыйных варкшопаў, прысвечаных лічбавізацыі музейных і бібліятэчных фондаў, пошуку фінансавання, выкарыстанню штучнага інтэлекту, а таксама сучасным платформам для публічных архіваў. У варкшопах у анлайн- і афлайн-фармаце ўзялі ўдзел не менш за 80 чалавек, а частка матэрыялаў і відэазапісаў была апублікаваная ў адкрытым доступе.
У рамках праекта была таксама распрацаваная віртуальная экскурсія, заснаваная на не менш як 30 лічбавых копіях музейных прадметаў. Яна даступная наведвальнікам музея з выкарыстаннем VR-абсталявання, а таксама ў анлайн-версіі на сайце музея.
Праект суправаджаўся шырокай інфармацыйнай кампаніяй: усяго было апублікавана 39 матэрыялаў у сацыяльных сетках музея, у незалежных беларускіх і польскіх медыя, а таксама ў медыя партнёраў.
Дадаткова быў падрыхтаваны 12-хвілінны відэафільм на дзвюх мовах, які распавядае пра мэты праекта, этапы яго рэалізацыі, вынікі і значэнне як для Музея Вольнай Беларусі, так і для беларускага дэмакратычнага руху ў цэлым.
Афіцыйная прэзентацыя вынікаў праекта адбудзецца 22 студзеня ў Музеі Вольнай Беларусі.