Ялінка для дзяцей беларускіх палітвязняў і добраахвотнікаў адбудзецца!

Icon
лістапада 23, 2026
News Main Image
Дзякуючы вашай падтрымцы мы зможам падарыць дзецям сапраўднае святочнае чараўніцтва — са спектаклем, падарункамі і салодкім сталом.
Наш збор завершаны! Разам нам удалося сабраць 2190 € — нават больш, чым планавалі!
Дзякуем кожнаму і кожнай, хто ахвяраваў, падзяліўся нашым заклікам, распавёў пра збор сябрам або дапамог распаўсюдзіць інфармацыю. Кожны ваш унёсак стаў часткай вялікай справы — магчымасці падарыць дзецям радасць, увагу і адчуванне свята.
Асобная падзяка ананімнаму спонсару, які ахвяраваў 750 €. Дзякуючы вашай шчодрай падтрымцы мы змаглі хутчэй наблізіцца да мэты і зрабіць святочны дзень для дзяцей магчымым.
Дзякуем медыя і інфармацыйным партнёрам, якія дапамагалі распаўсюджваць інфармацыю пра збор:
Белсат, Беларуская служба Польскага радыё, Радыё Рацыя і Reform.news, Memorial.polska, Еўрарадыё, «Обычное утро», «Будзьма Беларусамі», Беларускі ПЭН, Вольныя Купалаўцы, Офіс Святланы Ціханоўскай, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Цэнтр беларускай салідарнасці і інш.
Дзякуючы вашым публікацыям, эфірам і падтрымцы пра нашу ініцыятыву даведалася больш людзей. Вы дапамаглі нашаму закліку дасягнуць тых, хто хацеў далучыцца. Дзякуем за вашу салідарнасць і за тое, што даяце голас важным ініцыятывам!
Асобна дзякуем платформе Gronka за падтрымку нашай кампаніі — за магчымасць арганізаваць збор, дапамогу ў яго распаўсюдзе і інфармаванне вашых падпісчыкаў.
🎁 Чакаем дзяцей 19 снежня ў Музеі Вольнай Беларусі!
У бліжэйшы час раскажам больш пра праграму Ялінкі і пакажам, як ідзе падрыхтоўка.
Таксама хочам паведаміць спонсарам, якія пазначылі, што хацелі б атрымаць ад нас памятныя падарункі або сувеніры: мы атрымалі ад платформы Gronka інфармацыю пра вас і ў найбліжэйшы час звяжамся з кожным асобна.
Дзякуй, што дапамаглі напоўніць свята радасцю, цеплынёй і клопатам. Няхай наша супольная Ялінка падорыць дзецям шмат усмешак, цудаў і прыемных сюрпрызаў, а кожнае дзіця адчуе, што яго тут вельмі чакалі.
Разам ствараем сапраўдную святочную магію! ✨

Чытаць яшчэ