У Музеі Вольнай Беларусі адбылася прэзентацыя вынікаў праекта па лічбавізацыі музейных фондаў

Icon
January 22, 2026
News Main Image

22 студзеня 2026 года ў сядзібе Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве адбылася прэзентацыя вынікаў праекта «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музея Вольнай Беларусі».

Праект уключаў лічбавізацыю 200 музейных артэфактаў, стварэнне інтэрнэт-каталога на беларускай, польскай і англійскай мовах, а таксама рэалізацыю адукацыйных і культурных мерапрыемстваў, прысвечаных пытанням лічбавай культуры. Рэалізацыя праекта стала важным крокам у развіцці Музея Вольнай Беларусі як сучаснай інстытуцыі памяці і дакументавання.

Падчас прэзентацыі ўдзельнікам былі прадстаўлены ключавыя вынікі праекта, накіраванага на захаванне і сістэматызацыю музейных артэфактаў, што сведчаць пра парушэнні правоў і свабод чалавека ў сучаснай Беларусі, а таксама пра дэмакратычны рух беларусаў, якія супрацьстаяць дыктатарскаму рэжыму. Асобная ўвага была нададзена значэнню лічбавізацыі як інструмента доўгатэрміновага захавання памяці і забеспячэння шырокага доступу да музейных матэрыялаў для даследчыкаў, журналістаў і міжнароднай супольнасці.

У межах мерапрыемства адбыліся выступленні ўдзельнікаў праекта, паказ дакументальнага фільма, створанага ў рамках ініцыятывы, а таксама экскурсія па новай выставе з музейных фондаў «Кропка ўваходу. 123», прысвечанай беларускім палітвязням.

Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка, а таксама Паўнамоцнік Міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Адам Норберт Халаціньскі, Мацей Радзівіл, грамадскі дзеяч, актыўны інвестар і вядомы бізнэсовец. Сярод запрошаных гасцей былі прадстаўнікі Музея гісторыі польскіх габрэяў POLIN, Музея Катыні, Нацыянальнага Інстытута Музеяў, Цэнтра сацыяльнай архівістыкі (Centrum Archiwistyki Społecznej), а таксама іншых польскіх і беларускіх устаноў, што працуюць у сферы культуры, гістарычнай памяці і дакументавання.

Музей Вольнай Беларусі выказвае падзяку ўсім партнёрам і ўдзельнікам праекта за супрацоўніцтва і падтрымку. Праца па захаванні памяці, дакументаванні парушэнняў правоў чалавека і асэнсаванні сучаснай беларускай гісторыі будзе працягнута.

Чытаць яшчэ