Права лічыць гэты музей сваім мае кожны беларус і кожная беларуска, хто змагаўся і змагаецца за свабоду для Беларусі

Icon
July 18, 2025
News Main Image
«Музей Вольнай Беларусі не дае нам забыцца на тое, за што былі прынесены ахвяры, і нагадвае ўсім нам: пакуль жыве памяць – жыве і Беларусь. Жыве і змагаецца», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас адкрыцця выставы «Фрагменты», мерапрыемства да трохгоддзя Музея Вольнай Беларусі — праекта НАУ.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел дырэктарка Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская, намесніца кіраўніка Офіса Пасольства Нідэрландаў у Мінску Йецке Клейн, дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Польшчы Роберт Пяcкоўскі, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, канцлер Вольнага Беларускага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч, а таксама польскі і беларускі гісторык Павел Казанецкі, рэжысёр-дакументаліст Максім Швед.

«У сваім жыцці мне давялося адкрываць шэраг музеяў: палацавы комплекс у Нясвіжы (былую рэзідэнцыю Радзівілаў), Мірскі замак, Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, змагацца за стварэнне музея Васіля Быкава пад Мінскам, а таксама шмат іншых. Але гэты музей — Музей Вольнай Беларусі — мае для мяне асаблівае значэнне, як для чалавека, які з’яўляецца сведкам і ўдзельнікам гэтых падзей.

Адкрыццё выставы «Fragmenty»
Адкрыццё выставы «Fragmenty»
Адкрыццё выставы «Fragmenty». Варшава, лiпень 2025. Фота: Музей Вольнай Беларусi

Музей Вольнай Беларусі стаў месцам, дзе самы вялікі ў сучаснай гісторыі рух беларусаў за свабоду не проста фіксуецца — ён працягвае жыць. Гэта прастора, якая аб’ядноўвае беларусаў у выгнанні і якая нясе праўду пра Беларусь у Еўропу і ўвесь свет.

Захаваць гэтую гісторыю сёння — не права, а абавязак перад народам і яго будучыняй», — адзначыў Павел Латушка.

У сваім выступе намесніца кіраўніка Офіса Пасольства Нідэрландаў у Мінску Йецке Клейн падкрэсліла:

«Музей Вольнай Беларусі ператварыўся ў яркае месца. Сёння гэта ўжо важны пункт на мапе Варшавы. Але нават больш за тое — гэта жывы архіў народа, які не зламаўся.

Але не варта мець ілюзій: ні адзін музей не існуе толькі на ідэях. Нават самая цёплая атмасфера ў Польшчы не заменіць стабільнай фінансавай падтрымкі.

Таму дазвольце скарыстацца гэтай магчымасцю і зрабіць мяккі, але ўпэўнены заклік да ўсіх прысутных тут: давайце распавядаць пра гэты музей, гаварыць пра яго, падтрымліваць яго, укладвацца ў яго. Гэта не проста праект — гэта агульная адказнасць».

Аляксандр Мілінкевіч і Павел Казанецкі перадалі Музею асабісты архіў, які прысвечаны прэзідэнцкім выбарам 2001 года, рэжысёр-дакументаліст Максім Швед перадаў Музею асабісты тэлефон, які быў зламаны сілавікамі падчас яго затрымання ў жніўні 2020 года.

Выстава і канцэрт з’яўляюцца часткай праекта «Kreatywna prezentacja Muzeum Wolnej Białorusi dla społeczności artystycznej i mieszkańców Warszawy», суфінансаванага мэрыяй Варшавы.

Арыгiнал артыкула: НАУ

Чытаць яшчэ