Музей Вольнай Беларусі і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку падпісалі дамову аб супрацоўніцтве!

Icon
November 8, 2026
News Main Image
5 лістапада Музей Вольнай Беларусі і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку ў асобах іх кіраўнікоў — Наталлі Задзяркоўскай і Анатоля Вапа — падпісалі афіцыйную дамову аб бестэрміновым супрацоўніцтве паміж інстытуцыямі.
Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку стаў першай партнёрскай арганізацыяй, з якой наша супраца пацверджана афіцыйным дакументам. Гэта знакавая падзея для нашага музея: пагадненне не толькі адкрывае новыя перспектывы ва ўмацаванні інстытуцыйнага патэнцыялу абедзвюх арганізацый, але і будзе садзейнічаць пашырэнню і развіццю беларускай культуры ў Польшчы.
Пагадненне ўключае шырокі спектр накірункаў супрацы — ад арганізацыі супольных культурных мерапрыемстваў (выстаў, канцэртаў, фестываляў і конкурсаў), сумеснай адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці, рэалізацыі праектаў па папулярызацыі беларускай мовы да ўзаемаабмену рэсурсамі (магчымасцю супольнага выкарыстання памяшканняў, фондавага абсталявання і назапашаных матэрыялаў для рэалізацыі статутных мэт).
Мы ўпэўнены, што пагадненне таксама паслужыць папулярызацыі ведаў пра унікальную культурную спадчыну беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, інтэграцыі беларускай дыяспары, а таксама стварэнню новых магчымасцей для падтрымкі беларускіх творцаў ды грамадскіх ініцыятыў у эміграцыі.
Дзякуем нашым партнёрам за давер і гатоўнасць да плённай супольнай працы!
Наперадзе ў Музея — падпісанне дамоў з іншымі культурнымі і грамадскімі ўстановамі Польшчы і іншых еўрапейскіх краін. Мы паслядоўна будуем шырокую сетку партнёрстваў, каб беларускі голас гучаў мацней.
*У межах праекта «Музей Вольнай Беларусі: узмацненне патэнцыялу для беларускай культуры». Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
‍

Чытаць яшчэ