
Першы этап уключыў адбор і сканаванне калекцыі дакументаў на папяровых носьбітах, як найбольш уразлівых да фізічнага разбурэння і старэння.
Агульная колькасць лічбавых копій склала больш за 140 адзінак, сярод якіх матэрыялы, датычныя гісторыі дэмакратычнага руху ў Беларусі пачынаючы з 2001 года, вялікая колькасць лістоў і малюнкаў палітвязняў, а таксама копіі арыгінальных папяровых артэфактаў перыяду 2020 года – улёткі, сцікеры, налепкі, якія адлюстроўвалі сапраўдныя эмоцыі і пазіцыю беларусаў.





Музей мэтанакіравана пашырае калекцыі папяровых дакументаў і вельмі зацікаўлены ў папаўненні фонду арыгінальнымі пратэстнымі папяровымі экспанатамі «малых формаў» (улёткамі, налепкамі і інш.), крэатыўныя і яскравыя тэксты і выявы якіх натхнялі беларусаў ў 2020 годзе, а сёння з’яўляюцца «малымі» сведкамі значных гістарычных падзей. Таму музей будзе ўдзячны кожнаму, хто захаваў такія матэрыялы і гатовы перадаць іх у нашыя фонды. Кожны перададзены вамі артэфакт будзе беражліва захаваны як частка нашай агульнай гісторыі.
Праект па лічвізацыі і прадастаўленню доступу да назапашаных артэфактаў Музея Вольнай Беларусі ажыццяўляецца ў межах праграмы «Лічбавая культура 2025» і сафінансаваны за кошт сродкаў Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, атрыманых з Фонду падтрымкі культуры – дзяржаўнага мэтавага фонду. Таксама праект суфінансуецца Фондам «Адукацыя для дэмакрытыі» у рамках праграмы RITA – Пераўтварэнні ў рэгіёне, якая фінансуецца Польска-Амерыканскім Фондам Свабоды.