
7 жніўня Музей Вольнай Беларусі наведала Агнес Альяс (Agnes Aljas) — чаліня журы European Museum of the Year Award (EMYA) і прадстаўніца Эстонскага нацыянальнага музея.
Візіт адбыўся ў межах афіцыйнага ацэньвання Музея Вольнай Беларусі як кандыдата на European Museum of the Year Award 2027 і Council of Europe Museum Prize 2027.
Разам з Агнес Альяс мы прайшлі па экспазіцыі, паказалі ключавыя экспанаты і распавялі пра гісторыю стварэння музея, яго місію і штодзённую дзейнасць. Асобную ўвагу надалі таму, як мы працуем з наведвальнікамі і адукацыйнымі праграмамі, памяццю, тэмамі правоў чалавека і дэмакратыі, а таксама як музей становіцца прасторай для дыялогу пра Беларусь і яе сучасную гісторыю.
Каб падтрымаць Музей падчас візіту журы, да нас таксама прыйшлі сябры і партнёры — Беларуская Асацыяцыя Палітвязняў DaVoli, Аляксандр Фядута і Святлана Ціханоўская.
Для нашай каманды гэта быў важны і адказны візіт. EMYA ацэньвае не толькі экспазіцыю, але і тое, як музей размаўляе з аўдыторыяй, стварае ўнікальны музейны досвед, працуе з сацыяльнымі тэмамі і ўвасабляе каштоўнасці дэмакратыі, правоў чалавека, талерантнасці і міжкультурнага дыялогу.
European Museum of the Year Award — адна з найбольш прэстыжных музейных узнагарод Еўропы. Яна ўручаецца з 1977 года пад эгідай European Museum Forum. За гэты час яе атрымлівалі музеі з розных краін Еўропы — за інавацыйныя падыходы, працу з аўдыторыяй, якасць інтэрпрэтацыі і значны ўплыў на грамадства. Сярод пераможцаў — Museum of Liverpool, Rijksmuseum, Guggenheim Museum Bilbao, Muzeum Historii Żydów Polskich POLIN і іншыя. Штогод у конкурсе ўдзельнічаюць дзясяткі музеяў з розных еўрапейскіх краін, а фінальны спіс кандыдатаў прадстаўляе шырокую панараму сучаснай музейнай працы.
Для Музея Вольнай Беларусі сама магчымасць быць ацэненым журы EMYA — важнае прафесійнае прызнанне і магчымасць прадставіць беларускі музейны досвед на еўрапейскім узроўні.
Дзякуем Агнес Альяс за візіт, увагу да нашай працы і адкрытую размову.
Працягваем працаваць, захоўваць памяць і ствараць прастору, у якой гісторыя Беларусі можа быць пачутая і асэнсаваная.








