
Падчас куратарскай экскурсіі даследчык і дудар Яўген Барышнікаў распавёў пра гісторыю беларускай дуды: адкуль гэты інструмент прыйшоў на нашы землі, у якіх крыніцах згадваецца і як яго вобраз выкарыстоўваецца сёння - ад народнай культуры да дзяржаўных наратываў.
Пасля экскурсіі ўсе ахвотныя маглі ў майстэрні паспрабаваць сябе ў ролі дудара, а таксама задаць свае пытанні падчас адкрытай дыскусіі пра сучасны стан беларускага дударства.
Адной з галоўных тэм сустрэчы стала пытанне: ці варта сёння дамагацца ўключэння беларускай дуды ў спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА? На працягу ўсёй выставы ў музеі стаялі скрыні для галасавання, і вынік аказаўся вельмі выразным: пераважная большасць удзельнікаў лічыць, што так, варта, нягледзячы на ўсе выклікі і абставіны.
Дзякуем усім наведвальнікам за цікавасць да праекта, дударам, якія даверылі нам свае ўнікальныя інструменты, і асабліва Яўгену Барышнікаву.
Праект фінансуецца са сродкаў сталічнага горада Варшавы.









